Навалукомльскі завод керамзітавага жвіру першым у Віцебскай вобласці перайшоў на еўрастандарты для ўнутранага рынку
18 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомы" першым у Віцебскай вобласці перайшоў на СЕ-маркіроўку для ўнутраных спажыўцоў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус.
Навалукомльскае прадпрыемства з'яўляецца экспарцёрам керамзітавага жвіру. Павышаючы канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі на еўрапейскім рынку, прадпрыемства тры гады таму інтэгравалася ў сістэму менеджменту на базе міжнародных стандартаў ISO9001, ISO14000 і OHSAS18000 і атрымала СЕ-маркіроўку. З увядзеннем у Беларусі з 1 студзеня 2010 года еўрапейскіх стандартаў у праектаванні і будаўніцтве прадпрыемства пачало выпускаць прадукцыю, якая адпавядае сучасным патрабаванням, і для ўнутранага рынку, растлумачыў Уладзімір Белавус.
Паводле яго слоў, прадпрыемствы будіндустрыі вобласці прыступілі да рэалізацыі Праграмы мерапрыемстваў па ўкараненні нормаў праектавання і стандартаў ЕС. На першым этапе будзе закуплена праграмнае забеспячэнне для праектных інстытутаў, праведзена тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў.
У Віцебскай вобласці па выніках 2009 года ўзведзена 592,3 тыс. кв. м жылля, што амаль на 7% вышэй за запланаванае заданне. Уведзена ў строй 42 аб'екты Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. -0-