Наваполацкiя жыхары ўсёй краінай збiраюць у школу дзяцей з малазабяспечаных i праблемных сем'яў
Жыхары Наваполацка ўсё разам збіраюць у школу дзяцей з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня праўлення Наваполацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд міру" Уладзімір Беляеў.
З пачатку жніўня ў горадзе праходзіць дабрачынная акцыя "Разам у школу", якую разам з фондам міру праводзяць гарадскі Савет жанчын і актывісты БРСМ.
Арганізатары акцыі просяць гараджан, якія купляюць школьныя прыналежнасці для сваіх дзяцей, набыць адзін лішні прадмет (ручку, аловак, лінейку, сшытак, фламастэры) і апусціць яго ў спецыяльныя скрыні, якія ўстаноўлены ў гандлёвых аб'ектах.
"Дабрачынныя акцыі па падрыхтоўцы дзяцей з малазабяспечаных сем'яў да школы праводзіліся ў Наваполацку і раней. Але яны звычайна праходзілі ў працоўных калектывах. Непасрэдна ў гандлёвых аб'ектах праводзім збор школьных прыналежнасцей другі год. Жыхары горада ахвотна адгукнуліся на нашу прапанову - скрыні значных памераў ужо запоўнены больш чым напалову", - сказаў Уладзімір Беляеў.
Заключны этап гарадской акцыі "Разам у школу" адбудзецца ў Наваполацку 26 жніўня. У гарадскім кінавідэацэнтры адбудзецца свята для першакласнікаў з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Для дзяцей будзе арганізавана забаўляльная праграма, накрыты салодкі стол, праведзены сеанс мультфільма ў сучасным 3D-зале.
Уладзімір Беляеў падкрэсліў, што падарункі да новага навучальнага года атрымаюць не толькі першакласнікі. Наборы школьных прыналежнасцей ад жыхароў горада будуць разасланы і вучням 2-4 класаў.