Наваполачанін стаў уладальнікам Гран-пры абласнога конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў»

19 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Воршы вызначыліся фіналісты Віцебскага абласнога конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні "Песні юнацтва нашых бацькоў", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноваўскі. Гран-пры конкурсу ўдастоены навапалачанін Максім Еўсюкоў, чыё вакальнае майстэрства порыла гледачоў і членаў журы. Першае месца падзялілі яшчэ адна прадстаўніца нафтаграда Алена Віткоўская і віцяблянка Кацярына Амбразевіч. У намінацыі "вакальны ансамбль" удзельнікаў, годных першага месца, не аказалася. Другую прыступку п'едэстала гонару падзялілі вакальна-інструментальны ансамбль Віцебскага дзяржаўнага каледжа імя І.І.Салерцінскага і народны калектыў "Крэатыў" з Воршы. Акрамя таго, найбольш яркія ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны журы прызамі за артыстычнасць і арыгінальнасць выканання. У творчым спаборніцтве прымалі ўдзел пяць вакальных груп і 20 выканаўцаў ва ўзросце ад 16 да 31 года з Віцебска, Воршы, Полацка, Наваполацка, Віцебскага, Аршанскага, Полацкага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага, Сянненскага і Чашніцкага раёнаў. Фіналісты вызначаліся ў ходзе зональных адборачных тураў, што адбыліся ў лютым. У фінале ўдзельнікі выканалі па дзве папулярныя ў 1930-1992 гадах кампазіцыі. Мерапрыемства, прысвечанае 65-годдзю Вялікай Перамогі, заклікана аказаць падтрымку таленавітым маладым выканаўцам, павысіць узровень іх творчага майстэрства, садзейнічаць патрыятычнаму і эстэтычнаму выхаванню падрастаючага пакалення на лепшых узорах песеннага жанру мінулых гадоў. Арганізатарамі конкурсу выступаюць аддзел па справах моладзі і ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці, Аршанскі гарвыканкам.-0-