Наваполачанін удастоены расійскага ганаровага знака «Жыхару блакаднага Ленінграда»
Памятную ўзнагароду Сяргей Назараў атрымаў ад аташэ Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Марыі Донец.
Пра ўмовы, у якіх даводзілася выжываць ленінградцам, пра іх гераічную вытрымку напісана і сказана нямала. Кожны дзень ішла барацьба з голадам, безнадзейнасцю і смерцю. Старым і маленькім дзецям гэта давалася асабліва цяжка. Да апошніх адносіўся і Сяргей Васільевіч: блакаду ён сустрэў трохгадовым дзіцем. І толькі праз практычна год, у ліпені 1942-га, яго вывезлі па Ладазе на свабодную ад фашыстаў тэрыторыю. Гады эвакуацыі юны ленінградец правёў у Алма-Аце (Казахстан).
У Беларусі сям'я Сяргея Васільевіча пасялілася пасля заканчэння Вялікай Айчыннай. Пазней па абавязку службы ён аб'ездзіў практычна ўсю краіну. Як інжынер-электрык мінскага спецупраўлення «Прамналадка» ўдзельнічаў у будаўніцтве нафтахімічных прадпрыемстваў у Гродне, Магілёве і іншых гарадах. Аднак большую частку жыцця Сяргей Назараў прысвяціў Наваполацку, дзе таксама ўзводзіў горадаўтваральны НПЗ. У перадпенсійныя гады працаваў ва ўпраўленні мясцовага завода бялкова-вітамінных канцэнтратаў, быў памочнікам дырэктара па кадрах і сацыяльным развіцці. Цяпер 77-гадовы пенсіянер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
У урачысты дзень грудзі Сяргея Васільевіча упрыгожыла яшчэ адна ўзнагарода – памятны знак «У гонар 70-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады», якую таксама перадала аташэ.
Да віншаванняў далучыліся кіраўнік Наваполацка Дзмітрый Дзямідаў, кіраўнік гарадской ветэранскай арганізацыі Анатоль Катырла і ўсе ўдзельнікі сустрэчы, арганізаванай у гарвыканкаме.
Дарэчы, усяго ў горадзе нафтавікоў на дадзены момант пражываюць 12 чалавек, якія маюць нагрудны знак, які нагадвае аб іх дачыненні да гераічнага лёсу блакаднага Ленінграда.
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».