Наваполачанка Ганна Стральцова прызнана найлепшай у свеце вадналыжніцай за электрацягай
Запаздылым навагоднім падарункам для аматараў спорту нашай краіны днямі прыйшло паведамленне ад Міжнароднай федэрацыі водных лыж і вейнборда: лепшай спартсменкай 2015 года ў практыкаваннях за электрацягай (рыксен) прызнана выхаванка наваполацкай школы Генавых Ганна Стральцова. І гэта нягледзячы на юны ўзрост і перанесенае раней цяжкае раненне!
Станаўленне чэмпіёнкі
Сёння Ганна ўжо не можа ўспомніць, калі ўпершыню стала на водныя лыжы, бо адбылося гэта ў раннім дзяцінстве. Яшчэ ў дашкольным узросце бацькі аддалі дзяўчынку спачатку на фігурнае катанне, затым, калі яно не прыйшлося да душы дачцэ, – на гімнастыку, але ўсё гэта было не тое. А вось сапраўднае задавальненне Аня адчула, калі, атрымаўшы пачатковую базу, у 7 гадоў трапіла ў рукі заслужанага трэнера Беларусі Аркадзя Генова. Аркадзь Мікалаевіч, дарэчы, і па сённяшні дзень вядзе ўверх па прыступках майстэрства сваю таленавітую выхаванку і, натуральна, менавіта яму яна ўдзячная за ўсе свае дасягненні.
На водных лыжах было ўсё па-іншаму: і захапляльныя разнастайныя трэніроўкі, і новыя адчуванні. А калі займаешся любімай справай, то аддача не прымусіць сябе доўга чакаць. З часам пайшлі перамогі, і не толькі ў Беларусі.
2012-ы стаў для спартсменкі трыумфальным. У ЗША яна дэбютавала на адным з найпрэстыжнейшых сусветных турніраў – “Masters”. І выступленне, як успамінаюць відавочцы, зрабіла сапраўдны фурор у крузе спецыялістаў: пачаткоўка ў спаборніцтвах дзяўчат стала другой у скачках з трампліна. Затым была перамога на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў за электрацягай і адразу тры «срэбры»: у слаламе, фігурным катанні і мнагабор'і. На дарослым чэмпіянаце свету – 2-е месца ў скачках з трампліна за электрацягай. Перспектывы і спартсменцы, і трэнеру бачыліся самымі радаснымі…
Выпрабаванне волі і духу
А затым наступіла чорная паласа: рэцыдыў атрыманай раней траўмы (пералом правай ступні і артрыт, які развіваўся ўслед за ім). Год даяздзіла на маральна-волевых якасцях, пераадольваючы хваробу, хоць нават проста хадзіць было балюча. Айчынныя ўрачы суцяшальных прагнозаў, на жаль, не рабілі, прадказваючы кульгавасць.
І тады ініцыятыву ў свае рукі ўзяла дачка другога заслужанага трэнера краіны Уладзіміра Генава – Наталля, заснавальнік і кіраўнік нямецкай кампаніі “EuroMedical”, якая паводле роду сваёй дзейнасці займаецца наладжваннем кантактаў паміж спартсменамі і медыцынскімі цэнтрамі і клінікамі. Яна арганізавала абследаванне Ані заходнімі спецыялістамі. Тыя паставілі адназначны дыягназ, і ў 2013 годзе ў цэнтры ў Нюрнбергу ёй 3 гадзіны рабілі аперацыю, у выніку якой дзве косткі ступні былі скраплены тытанавымі скобамі. Грашовую дапамогу аказалі ветэраны наваполацкіх водных лыж, якія пражываюць у ЗША.
Зразумела, што пасляаперацыйная рэабілітацыя – працэс працяглы, аднак дзяўчына дзякуючы сваёй упартасці здзейсніла цуд. Ужо праз паўгода, пераадольваючы боль, яна пачала займацца, паступова павялічваючы нагрузкі. Вельмі дапамаглі псіхалагічна бацькі і, натуральна, Аркадзь Мікалаевіч, якія, як і сама Ганна, і думкі не дапускалі, што давядзецца пакінуць вялікі спорт.
Калі 2013-ы год сышоў пераважна на спецыяльныя аднаўленчыя заняткі, то ў 2014-м рушыла ўслед вяртанне, ды яшчэ якое! У сваіх каронных скачках з трампліна Аня стала 3-й на чэмпіянаце Еўропы да 21 года, хоць пры ўдалым збегу абставін магла б узяць і «золата». «Усяго адзін медаль за год», – тым не менш зусім шчыра наракае вадналыжніца, не разумеючы, што ўжо выхад на спаборніцтвы стаў сапраўдным подзвігам.
Лепшая ў свеце – наша Аня!
Мінулы год склаўся для спартсменкі больш чым удала. Задзел шмат у чым паклалі паўнавартасныя зімовыя зборы, на якіх з трэнерам адточвалі элементы са старога арсенала і вывучалі новыя фігуры. Наступныя турніры паказалі, што курс быў выбраны верны. Выніковым аказаўся ліпеньскі моладзевы чэмпіянат свету да 21 года ў Іспаніі, дзе наша зямлячка ўзяла «золата» ў скачках з трампліна і «серабро» ў мнагабор'і. А пазней на чэмпіянаце Еўропы сярод дарослых стала абсалютнай чэмпіёнкай за рыксенам, заваявала «серабро» ў скачках з трампліна і «бронзу» ў фігурным катанні.
Так, сёння гэту абаяльную дзяўчыну пакуль не пазнаюць на вуліцах і не просяць аўтографаў (А я вось папрасіў гэта зрабіць для роднай газеты). Яна, па маім уражанні, ніяк не паддаецца праславутай зорнай хваробе, сумяшчаючы спаборніцтвы з вучобай на спартыўна-педагагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кім стане ў будучыні? Не загадваючы наперад, наваполачанка адзначае, што пакуль думкі толькі пра наступныя спаборніцтвы. Як кажуць, адпачываць на лаўрах не збіраецца. У планах дамагчыся найвышэйшых вынікаў і ў традыцыйных спаборніцтвах за катэрам. На апошнім чэмпіянаце свету ў Мексіцы яна заняла 8-е месца. Але хіба гэта дрэнны вынік для спартсменкі «маладзёжнага» ўзросту?!
Дарэчы, у анатацыі да ганаровага звання міжнародная федэрацыя адзначае: «2015 год быў годам Ганны Стральцовай. Як маладая лыжніца яна дэманстравала свае таленты ад сезона да сезона, затым ненадоўга знікла з поля зроку з-за траўмы. У гэтым годзе яна даказала, што вярнулася ў лік наймацнейшых, гатовых прыняць пераможную эстафету ад ранейшага пакалення. Дайце ёй шанец удзельнічаць у большай колькасці спаборніцтваў, і вы ўбачыце яе ў верхніх радках усіх рэйтынгаў». І дадаць да меркавання прафесіяналаў, па сутнасці, няма чаго!
P. S. Чаpговае дасягненне Ганны Стральцовай стала выдатным падарункам наваполацкай школе водных лыж, якая сёлета адзначае свой паўвекавы юбілей. Шкада, што з тэхнічных прычын (капітальны рамонт басейна “Садко”) сёлета міжнародны турнір памяці яе заснавальніка, Мікалая Генава, давялося перанесці на лета на натуральны вадаём. А стартуе сезон у маі на наваполацкім возеры Люхава, дзе пройдзе Кубак Беларусі. У ім будзе ўдзельнічаць і Аня. Верыцца, што сёлетні год складзецца для нашай усходзячай зоркі яшчэ больш удала, чым папярэдні.
Алесь Бынькоў. Фота Алеся БЫНЬКОВА, Віцебскія весці