Наваполачанка Кацярына Кісялёва стала чэмпіёнкай Еўропы ў фігурным катанні на водных лыжах

Зборная Беларусі па водных лыжах, у склад якой уваходзілі наваполачане, майстры спорту міжнароднага класа Кацярына Кісялёва і Арцём Марозаў, атрымала перамогу ў чэмпіянаце Еўропы за катэрам сярод юніёраў да 21 года, апярэдзіўшы Францыю, Вялікабрытанію і яшчэ 13 краін.

У індывідуальным заліку беларусы заваявалі 14 медалёў, а Кацярына Кісялёва стала чэмпіёнкай Еўропы ў фігурным катанні.

Карэспандэнт «ВВ» сустрэўся з трыумфатарамі спаборніцтваў і іх трэнерамі на водналыжнай базе СДЮШАР №3 імя Мікалая Генава на возеры Люхава ў Наваполацку.

20-гадовая студэнтка ПДУ, будучы эканаміст Кацярына Кісялёва толькі прыляцела з Нарвегіі, дзе праходзіў чэмпіянат, і вельмі стамілася. Гледзячы на гэту мініяцюрную бландынку, немагчыма нават уявіць, што на чэмпіянаце Еўропы яна «зляцела» з трампліна на 44 метры, амаль на 4 метры палепшыўшы ўласны рэкорд. А яшчэ стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў па выніках спаборніцтваў заваявала бронзавы медаль у слаламе, увайшоўшы ў дзясятку наймацнейшых маладых спартсменаў Еўропы, і яшчэ адну бронзу – у мнагабор’і.

Сакрэт поспеху, па словах чэмпіёнкі, у пастаянных фізічных трэніроўках, сіле волі і прафесіяналізме настаўнікаў самай вядомай у Беларусі водналыжнай школы – заслужаных трэнераў Рэспублікі Беларусь Аркадзя і Уладзіміра Генавых.

– Я займаюся шмат гадоў, – кажа Кацярына. – Усякае здаралася за гэты час, былі ўшыбы і траўмы. Але спорт мне ўсё роўна па душы. Ён, вядома, складаны, шматгранны, але ў той жа час дазваляе цалкам раскрывацца. Бо патрэбны не толькі выдатная каардынацыя і фізічная сіла, але і пэўны артыстызм, уменне падаць сябе на вадзе.

Сёння ў СДЮШАР №3 займаецца 150 хлапчукоў і дзяўчынак з шасці гадоў, з задавальненнем вучацца «стаяць на вадзе» і дарослыя. За паўвека існавання водналыжнага спорту ў Наваполацку склалася трэнерская дынастыя Генавых з уласнай аўтарскай методыкай падрыхтоўкі спартсменаў.

Аляксандр КУТЫНКА, фота аўтара. «Віцебскія

«Вясці».