Наваполачанка Святлана Саханенка прынесла Беларусі залаты медаль на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане

Наша зямлячка, ураджэнка Наваполацка Святлана Саханенка прынесла Беларусі першы залаты медаль Паралімпіяды ў Пхёнчхане. Святлана выйграла лыжную гонку на 15 км вольным стылем сярод атлетаў з парушэннямі зроку. Яе вынік – 49 хвілін 11,7 секунды.

Для нашай спартсменкі гэта ўжо другі медаль на цяперашніх Паралімпійскіх гульнях. Раней яна заваявала бронзу ў біятлоне, стаўшы трэцяй у спрынце на 6 км.

Святлана Саханенка, як і алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Ірына Крыўко, выхаванка Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. Цяпер жыве ў Мінску, але часта прыязджае ў родныя мясціны да маці.

Яшчэ адна наша зямлячка Лідзія Графеева з Навалукомля была трэцяй у спрынце на 6 км сярод атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Срэбным прызёрам у спрынце на 7,5 км стаў і яе муж Дзмітрый Лобан.

Перад паездкай у Паўднёвую Карэю старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель паставіў перад атлетамі задачу заваяваць пяць медалёў. У першыя дні спаборніцтваў у скарбонцы нашых спартсменаў ужо шэсць узнагарод (адно золата, тры срэбра, дзве бронзы) і дзявятае месца ў медальным заліку. А да закрыцця Гульняў яшчэ пяць дзён. Дарэчы, на мінулай Паралімпіядзе ў Сочы на рахунку беларусаў было тры бронзавыя медалі.

"Віцебскія весці".