Наваполацк будзе культурнай сталіцай Беларусі ў 2018 годзе
Датай заснавання Наваполацка лічыцца 7 чэрвеня 1958 года. Пачаткам гісторыі горада стала прыняцце ўрадам СССР рашэння аб арганізацыі ўсесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі па ўзвядзенні найбуйнейшага ў Еўропе прамысловага комплексу - нафтаперапрацоўчага завода. Сваю назву горад атрымаў 14 снежня 1963 года, калі першапачаткова рабочы пасёлак Полацкі быў перайменаваны ў Наваполацк і атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання.
Сёння Наваполацк - адзін з найбуйнейшых у Беларусі і краінах СНД цэнтраў нафтахімічнай прамысловасці, а таксама адзін з найбуйнейшых індустрыяльных, навукова-адукацыйных цэнтраў Беларусі. У Наваполацку пражываюць 108,2 тыс. чалавек, з іх больш за 27 тыс. - моладзь. Сістэму вышэйшай адукацыі прадстаўляе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, у якім навучаюцца больш за 14 тыс. студэнтаў.
У рэспубліканскім конкурсе "Горад культуры ў Год культуры" па выніках 2016 года Наваполацк стаў пераможцам у намінацыі "Лепшы горад абласнога падпарадкавання". Рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца Беларусі" праводзіцца ў дзявяты раз.
Статус культурнай сталіцы быў нададзены Полацку (2010 год), Гомелю (2011 год), Нясвіжу (2012 год), Магілёву (2013 год), Гродна (2014 год), Брэсту (2015 год), Маладзечна (2016 год), Бабруйску (2017 год). Два горада - Гомель і Магілёў - адначасова мелі статус "Культурная сталіца СНД".