Наваполацк рыхтуецца правесці міжнародны фестываль дзіцячых і юнацкіх СМІ
14 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Наваполацк рыхтуецца правесці міжнародны фестываль дзіцячых і юнацкіх СМІ, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гарадскога цэнтра пазашкольнай работы Наталля Сярэкава.
Ідэя правядзення фестывалю нарадзілася на прыёме грамадзян, які ў лістападзе мінулага года ў горадзе нафтавікоў праводзіў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. Тады Наталля Сярэкава звярнулася да яго па падтрымку ў правядзенні абласнога фестывалю юнацкіх СМІ. Прапанова знайшла падтрымку Мінінфарма і перарасла ў міжнародны фестываль – своеасаблівы фарм-клуб міжнароднага медыяфоруму, які Беларусь правяла ў 2010 годзе.
Ініцыятыву навапалачан таксама падтрымала Саюзная дзяржава. Па словах Наталлі Сярэкавай, на правядзенне фестывалю з яго бюджэту прадугледжана накіраваць 2 млн. расійскіх рублёў. Да ўдзелу ў дзіцячым медыяфоруме будуць запрошаны юныя журналісты з Расіі, Украіны, гарадоў-пабрацімаў Наваполацка.
У бліжэйшыя дні завершыцца работа над канцэпцыяй фестывалю. Над ёй працуюць юныя журналісты Наваполацка, таму можна спадзявацца, што яна будзе поўная свежых і неардынарных ідэй.
Наваполацкі цэнтр пазашкольнай работы чацвёрты год рэалізуе праект па падтрымцы адоранай моладзі ў галіне журналістыкі. Па гэтым праекце працуе студыя дзіцячага тэлебачання, якая рыхтуе праграмы для двух тэлеканалаў у Наваполацку і Полацку, юныя журналісты вядуць старонку "Маладзёжны мерыдыян" у гарадской газеце, а таксама выдаюць дзве ўласныя малатыражныя газеты. Усяго ў цэнтры займаюцца каля 80 рабят, прычым асвойваюць яны не толькі прафесіі, звязаныя з журналістыкай, але і сумежныя: гукарэжысуру, камп'ютарны дызайн і інш. У мінулым годзе пяцёра ўдзельнікаў праекта сталі першакурснікамі факультэтаў журналістыкі і літаратурнай работы ў розных ВНУ краіны.
Як чакаецца, міжнародны дзіцячы медыяфестываль пройдзе ў Наваполацку ў пачатку лета. -0-