Наваполацк маштабна адзначыў 60-годдзе

Новополоцк масштабно отметил 60-летие
Адзін з самых маладых гарадоў Беларусі – Наваполацк – адзначыў 60-годдзе.

Ужо ў самой назве горада закладзена слова «новы». Цяжка ўявіць, што яшчэ шэсць дзесяцігоддзяў таму на месцы прыгожых кварталаў і сучасных палацаў культуры і спорту стаялі вясковыя хаткі. Але вырашылі менавіта ў гэтым месцы – на левым беразе Дзвіны, недалёка ад старажытнага Полацка – узвесці найбуйнейшы ў краіне нафтаперапрацоўчы завод і пабудаваць новы горад.





Сярод тых, хто першым у далёкім 1958-м засяліўся ў палаткі, быў Анатоль Крамень, які ў газеце прачытаў пра вялікую камсамольскую будоўлю і прыехаў у ёй узяць удзел. Характар у маладога экскаватаршчыка быў пад стаць прозвішчы – цвёрды, стойкі. Працаваў тады, узгадвае Анатоль Сцяпанавіч, не лічачыся з часам. На яго вачах раслі дамы, школы, бальніца, крамы, дрэвы, пасаджаныя ў парку на беразе ракі. 





Сёння ветэрану пайшоў 90-ы год, ён Герой Сацыялістычнай Працы, Ганаровы грамадзянін Наваполацка. Сталі дарослымі яго дзеці, унукі, падрастаюць праўнукі. У дзень нараджэння роднага горада Анатоль Крамень надзеў святочны пінжак з ордэнамі і прайшоўся ў святочнай калоне па галоўнай вуліцы нафтаграда, якую калісьці пракладваў са сваімі аднагодкамі.

З святочнага шэсця пачаліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды юбілею Наваполацка. У ім узялі ўдзел усе працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, маладое пакаленне гараджан.




У першых шэрагах – кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава, намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, прадстаўнікі абласной і гарадской улады, ганаровыя госці з гарадоў-пабрацімаў.



– Вельмі хвалююча прысутнічаць на свяце горада. Рада сустрэць тых, з кім працавала. Наваполацк заўсёды малады, дынамічны, славіцца сваімі людзьмі, – падзялілася Наталля Іванаўна.



На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Дня горада Наталля Качанава зачытала прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі жыхарам і гасцям Наваполацка, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: «За гэтыя гады невялікі моладзевы пасёлак дзякуючы карпатлівай і сумленнай працы жыхароў ператварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтр, які валодае магутным эканамічным і інтэлектуальным патэнцыялам. Яго гісторыя слаўнымі справамі ўжо ўпісана ў біяграфію незалежнай Беларусі. Любіце свой горад, з павагай стаўцеся да яго мінулага і стварайце сапраўднае! Няхай і далей гісторыя Наваполацка складваецца з вашых добрых спраў і працоўных здзяйсненняў. Дабрабыту і працвітання!».

Звяртаючыся да навапалачан, якія сабраліся на плошчы Будаўнікоў, Наталля Іванаўна адзначыла, што адчувае пачуццё гордасці за датычнасць да жыцця нафтаграда, выказала ўпэўненасць, што лепшае ў горада яшчэ наперадзе, і ўручыла ўзнагароды Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама ордэн Маці выхавальніцы ясляў-сада №30 Наваполацка Аксане Вартановай.

Да юбілею горада самыя годныя яго жыхары, якія вызначыліся працоўнымі поспехамі, адзначаны ганаровымі граматамі і падзякамі ўрада, шэрагу міністэрстваў, аблвыканкама. Папоўніўся і спіс ганаровых грамадзян Наваполацка. Гэта званне прысуджана ветэранам працы Уладзіміру Карпінчыку, Ларысе Шабунінай, Валерыю Рабцу, дырэктару Наваполацкага мантажнага ўпраўлення – філіяла ААТ «Трэст Белсантехмантаж №1» Міхаілу Элешэвічу.



– Самае вялікае багацце нашага горада – гэта людзі, – падкрэсліў старшыня Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Дзямідаў.

Кіраўнік нафтаграда адзначыў, што сярэдні ўзрост жыхароў – 40 гадоў. Асаблівай пашанай і ўвагай гарадскіх улад акружаны ветэраны – першапраходцы. Іх імёнамі названы вуліцы і паркі. Сучасны Наваполацк вядомы ўсім як найбуйнейшы прамысловы і нафтахімічны цэнтр, горад наватараў.

Прадпрыемствы пастаўляюць прадукцыю ў 50 краін свету. За выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця горад занесены на абласную Дошку гонару. Інавацыйнае развіццё рэгіёну звязана са стварэннем нафтахімічнага кластара, які ўключае Наваполацкі гарвыканкам, ААТ "Нафтан" і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Аб перспектывах развіцця горада гаварыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. Яно ідзе ў цеснай спайцы з «Нафтанам» – прадпрыемствам, якому Наваполацк абавязаны сваім нараджэннем.

– Прэзідэнтам Беларусі пастаўлена мэта – у наступным годзе завяршыць сур'ёзную мадэрнізацыю «Нафтана» і ў 2020-м выйсці на праектную магутнасць. Абнаўленне прадпрыемства дазволіць нарасціць гадавы аб'ём перапрацоўкі нафты з 9,5 млн т да 12 млн т, павялічыць глыбіню перапрацоўкі да 90-92%. Гэта найвышэйшы ўзровень нафтахіміі! – падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Акрамя таго, зараз распрацоўваецца тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне рэканструкцыі "Паліміра".

Новых працоўных і творчых дасягненняў пажадаў навапалачанам першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, які ўручыў перадавікам ганаровыя граматы аблвыканкама і падзякі кіраўніка вобласці Мікалая Шарстнёва.

Свой юбілей малады горад на Дзвіне святкуе ў статусе культурнай сталіцы Беларусі. Па словах міністра культуры краіны Юрыя Бондара, гэтае званне нафтаград заслужыў сваімі ініцыятывамі, праектамі, карпатлівай штодзённай працай. У горадзе створаны неабходныя ўмовы для раскрыцця творчага патэнцыялу, эстэтычнага і маральнага выхавання, рэалізацыі талентаў моладзі, развіцця прафесійнага і народнага мастацтва.

Наваполацк вядомы шматлікімі міжнароднымі культурнымі праектамі. Яго візітнай карткай стаў фестываль юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-Хало".

Наваполацк першым у Беларусі атрымаў статус «Горада, дружалюбнага дзецям» і першым абараніў гэтае званне. Гэта міжнароднае прызнанне таго, што тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання і ўсебаковага развіцця юных грамадзян, дзеці і моладзь самі ўдзельнічаюць у распрацоўцы праграм.
У межах святкавання юбілею прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Рэсурснага цэнтра маладзёжных ініцыятыў «Ступені», у якой прыняў удзел прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Рашэд Мустафа Сарвар.

Да свайго 60-годдзя нафтаград падрыхтаваў нямала падарункаў. Гэта і адкрыццё абноўленага Палаца дзяцей і моладзі, памятнага знака ў гонар алімпійскіх і паралімпійскіх чэмпіёнак-біятланістак Ірыны Крыўко і Святланы Саханенка, наваселле аддзялення Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.

На цэнтральнай плошчы горада ўстаноўлена сяміметровая металічная канструкцыя ў выглядзе вялікай ліліі – сімвала горада нафтавікоў. Увечары яна расцвітае рознакаляровымі агнямі.

Юбілею горада прысвяцілі свае перамогі спартсмены, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы памяці Сяргея Лагуна і вадналыжным турніры памяці Мікалая Генава, што прайшлі ў межах свята.

Мастакі ўладкавалі вернісаж у парку. Парадвалі жыхароў і гасцей народныя ўмельцы, якія выставілі свае вырабы ў Горадзе майстроў.

Самых маленькіх запрашаў на забавы Дзіцячы гарадок. А позна ўвечары пасля святочнага канцэрта неба над горадам-імяннікам упрыгожыў салют.

ТАТЬЯНА ПАСТЭРНАК, фота Дзмітрыя ОСІПАВА, "Віцебскія весці".