Наваполацк наладжвае сувязі з новым партнёрам у Кітаі – горадам Хэйхэ
"Па ўсёй Беларусі цяпер актывізуецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з гарадамі і правінцыямі Кітая. У Наваполацка ўжо ёсць адзін пабрацім у КНР - горад Вэйхай. Цяпер жа мы пашыраем сувязі і запрасілі новых патэнцыйных партнёраў з горада-двухмільённіка Хэйхэ. Дэлегацыя з шасці прадстаўнікоў адміністрацыйнага апарату на чале з сакратаром камітэта Кампартыі Кітая ў Хэйхэ прыбыла да нас з азнаямленчым візітам і будзе знаходзіцца да 9 чэрвеня", - растлумачылі ў гарвыканкаме.
Раніцай гасцей прывітаў мэр Наваполацка Дзмітрый Дзямідаў, а затым яны адправіліся знаёміцца з важнымі культурнымі і сацыяльнымі аб'ектамі: у Музей гісторыі і культуры Наваполацка, тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва, цэнтральную гарбальніцу, Полацкі дзяржуніверсітэт і іншыя ўстановы адукацыі, уключаючы вучэльню алімпійскага рэзерву.
Дэлегацыя таксама наведае цэлы шэраг прадпрыемстваў: ААТ "Нафтан", завод "Палімір", СТАА "ЛЛК-Нафтан", ААТ "Вымяральнік", санаторый ААТ "Нафтан", турыстычны комплекс "Чырвоны бор". У цэлым чатырохдзённая праграма дазволіць гасцям атрымаць шырокае ўяўленне аб развіцці ўсіх сфер жыцця горада і знайсці кропкі для супрацоўніцтва. "Вынікам візіту, магчыма, стане падпісанне пратакола аб намерах, а ў перспектыве мы разлічваем, што Наваполацк набудзе яшчэ аднаго пабраціма ў Кітаі", - заключылі ў гарвыканкаме.
Кацярына Князева - БЕЛТА.