Наваполацк абвясьціў вайну п'янству

9 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Наваполацк будзе весці барацьбу з п'янствам. У нафтаградзе зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі рэзалюцыі першага гарадскога народнага сходу "Неабыякавасць - шлях да надзейнага грамадства", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Наваполацкага гарвыканкама.

З заўтрашняга дня ва ўсіх гандлёвых аб'ектах, якія гандлююць спіртным і півам, будуць размешчаны інфармацыйныя лісткі аб рызыцы смяротнага атручвання алкаголем пры яго празмерным ужыванні, а да верасня проціалкагольная рэклама з'явіцца на вуліцах і ў грамадскіх будынках. Гарадскі аддзел унутраных спраў сумесна з аддзелам гандлю да канца бягучага года правядуць маніторынг месцаў, дзе гандлююць спіртным, і правядуць іх лімітаванне.

Пачатак навучальнага года азнамянуецца ў Наваполацку Днём цвярозасці. Нягледзячы на тое, што ён пройдзе не ў першы раз, з сёлетняга года ў такія дні будуць праводзіцца спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, прызваныя прапагандаваць здаровы лад жыцця. Дні цвярозасці ў Наваполацку будуць праходзіць штомесяц, як і акцыя "Раніца цвярозасці", якая абмяжоўвае даступнасць алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва з 8.00 да 11.00.

З верасня раз на месяц па горадзе будзе курсіраваць "маршрут цвярозасці" - у грамадскім транспарце будуць чытаць аўдыялекцыі аб праблемах п'янства. З гэтага ж часу пачне дзейнічаць абмежаванне рэкламы любых алкагольных напояў і піва, а таксама алкагольных і піўных брэндаў на тэрыторыі горада.

Як растлумачылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, улады Наваполацка вырашылі з дапамогай грамадзян выпрацаваць сістэму мер па процідзеянні згубнай прыхільнасці і ў ліпені склікалі першы гарадскі народны сход. Прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх фарміраванняў пасля абмеркавання праблемы прынялі рэзалюцыю, якая стала планам дзеянняў па прафілактыцы п'янства і алкагалізму на 2011-2015 гады.-0-