Наваполацк адзначыць Дзень горада на шасці тэматычных пляцоўках
Дзень горада Наваполацка (12 і 13 чэрвеня) пройдзе на шасці тэматычных пляцоўках, якія ўключаюць канцэртныя праграмы, дыскатэкі, забавы для дзяцей, атракцыёны, рамесныя рады з конкурсамі і майстар-класамі, сілавы экстрым, песенна-лірычны канцэрт-марафон і многае іншае, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гарвыканкаме.
Старт святу дадуць выпускныя вечары і балы, урачыстая цырымонія ўшанавання выпускнікоў школ у Палацы культуры ААТ "Нафтан". Адначасова пачнуць працу галоўная сцэна на плошчы Будаўнікоў (дзе ўвечары 12 чэрвеня адбудзецца маладзёжная дыскатэка ад мабільнага аператара velcom), "Дзіцячы гарадок" і пляцоўка ў Парку культуры і адпачынку.
У скверы каля Дзіцячай школы мастацтваў №1 загудуць дзіцячыя атракцыёны для самых маленькіх. Пашыраны гандаль, катанне на конях, святочны канцэрт і дзіцячая дыскатэка складуць аснову для выдатнага сямейнага адпачынку. Яркай падзеяй стане паказальна-гульнявая праграма і выстава тэхнікі Наваполацкага гарадскога аддзела па НС на стадыёне СШ №4.
Самыя маштабныя мерапрыемствы адбудуцца 13 чэрвеня. Для жыхароў і гасцей Наваполацка будуць працаваць 6 святочных пляцовак - да пералічаных вышэй дададуцца пляцоўка "Рамесная" на алеі імя Л. Наважылава, "Сілавая" - каля будынка Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, "Літаратурная" - каля бібліятэкі-філіяла №4 імя А. Пушкіна. А "Маладзёжная" пляцоўка размесціцца ў Парку культуры і адпачынку і будзе самай насычанай падзеямі: канцэрты, конкурсы-выставы выяўленчага мастацтва і іншай творчасці, "турыстычная паласа", спектакль народнага тэатра батлейкі, конкурс сучаснай харэаграфіі "Стрытбаттл", турнір лучнікаў і сярэднявечныя танцы.
А цэнтрам усіх падзей стане плошча Будаўнікоў. Тут 13 чэрвеня пачнецца святочным шэсцем працоўных калектываў горада пад дэвізам свята "Верны традыцыям - адкрыты для стварэння". У шэсці возьмуць удзел каля 50 калон, або звыш 2 тыс. чалавек, якія ярка прадставяць усе галіны эканомікі Наваполацка, сацыяльную сферу, будаўніцтва і ЖКГ, грамадскія арганізацыі. Затым на адкрыцці свята будзе прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін г.Наваполацка", уручаны ўзнагароды абласнога і гарадскога узроўняў, адбудзецца святочны канцэрт. На працягу дня на дадзенай пляцоўцы будуць праходзіць выступленні маладзёжных гуртоў і творчых калектываў, а завершыць усё гала-канцэрт салістаў Народнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга і феерверк.
Як плануецца, горад наведаюць дэлегацыі з 10 гарадоў-пабрацімаў: Лудзы, Плоцка, Астраўца-Свентокшынскага, Дзмітраўскага раёна г.Масквы, Адзінцова, Курска, Пушкінскага раёна Санкт-Пецярбурга, Кстова, Электрасталі, Смілтэне. Павіншаваць Наваполацк з 57-годдзем прыедуць паслы і консулы чатырох дзяржаў: Расіі, Польшчы, Сербіі, Латвіі.
Кацярына Князева