Наваполацк падрыхтаваў падарунак для таты, у якога ў Дзень горада народзіцца спадчыннік
31 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Наваполацк адкрывае сёння чараду святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада. Свой 52-ы дзень нараджэння нафтаград вырашыў правесці ў крузе сям'і, бо "Наваполацк - вялікая сям'я, разам мы - сто тысяч Я", назвала карэспандэнту БЕЛТА дэвіз свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы Наваполацкага гарвыканкама Кацярына Попок.
Наваполацкая сям'я стане галоўным героем усіх гарадскіх мерапрыемстваў: для яе і ў гонар яе ўсю тыдзень будуць спяваць і танцаваць артысты, паказваць сваё майстэрства народныя ўмельцы, спаборнічаць гарадскія спартсмены. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" вырашыла падарыць навапалачанам сустрэчу з класічнай і моладзевай музыкай і арганізавала "Музычныя вечары "Белай Русі", якія і дадуць старт святу.
У Дзень ведаў 1 верасня Наваполацк наладзіць свята для сваіх юных гараджан і пасля школьных лінеек будзе чакаць іх на канцэрце, прысвечаным пачатку навучальнага года. Галоўнай падзеяй трэцяга дня урачыстасцяў стане пасвячэнне ў будаўнікі першакурснікаў Наваполацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. Мерапрыемства пройдзе ўпершыню і не выпадкова месцам яго правядзення абрана плошча ля помніка будаўнікам Наваполацка - "Першая палатка", бо больш за паўвека таму горад быў абвешчаны ўсесаюзнай камсамольскай ударнай будоўляй.
Кульмінацыяй урачыстасцяў стане субота 4 верасня. Менавіта ў гэты дзень горад будзе вітаць свае сем'і. На сцэну на плошчы Будаўнікоў паднімуцца працоўныя дынастыі, лепшыя шматдзетныя сем'і, залатыя юбіляры, якія адзначылі 50-годдзе сямейнага жыцця і, вядома, маладыя сем'і. А вось самы нечаканы падарунак гарвыканкам і арганізатары свята падрыхтуюць для маладога таты, у якога 4 верасня ў сям'і з'явіцца папаўненне.
Завершацца ўрачыстасці 5 верасня цыркавым прадстаўленнем, якое пройдзе на гарадскім стадыёне з удзелам цырка канатоходцаў з Кыргызстана, шоў-тэатра Уладзіміра Кустава з Мінска.
Павіншаваць Наваполацк з днём нараджэння прыедуць шматлікія госці з гарадоў-пабрацімаў.-0-