Наваполацк атрымае фінансавую падтрымку праекта ЕС/ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні»

1 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Чатыры заяўкі Наваполацка адобраны і атрымаюць фінансавую падтрымку ў рамках сумеснaга праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА метадыст аддзела адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Таццяна Суздалева. Наваполацк увайшоў у лік 35 пілотных рэгіёнаў Беларусі, дзе будзе рэалізоўвацца праект ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". Яго навучальныя ўстановы актыўна ўключыліся ў працу над стварэннем міні-праектаў, накіраваных на адукацыю для ўстойлівага развіцця, паляпшэнне турыстычнай інфраструктуры ўздоўж зялёных маршрутаў і стварэнне экамузеяў. Як падкрэсліла Таццяна Суздалева, нягледзячы на тое, што прапановы рыхтавалі гімназія і цэнтр пазашкольнай работы, іх праекты важныя для развіцця рэгіёна ў цэлым. Так, цэнтр пазашкольнай работы мае намер заняцца добраўпарадкаваннем і разведкай старажытных мегалітычных аб'ектаў Полацкага Стоўнхенджа для зялёнага маршруту "Зорная дыядэма Палачаншчыны". Як вядома, на тэрыторыі раёна знаходзяць шмат камянёў і валуноў, якія выкарыстоўваліся язычнікамі і як свяцілішчы і, магчыма, нават як абсерваторыі. Без сумневу, рэалізацыя такога праекта будзе спрыяць стварэнню новага турыстычнага прадукту, лічыць суразмоўніца. Дзякуючы праектам у Наваполацку можа стаць рэальнасцю перасоўны экалагічны тэатр "Мурашнік", а таксама гарадская камп'ютарная гульня па раздзельным зборы смецця і энергаэфектыўнасці "Горад, у якім мы жывём". Па словах Таццяны Суздалевай, фінансавая дапамога на кожны праект можа скласці ад $3 тыс. да $8 тыс. Завяршыць праекты плануецца да канца бягучага года. Адбор праектаў ажыццяўляла конкурсная камісія, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, Міністэрства эканомікі Беларусі, Праграмы развіцця ААН і прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, а таксама эксперты праекта.-0-