Наваполацк прыняў эстафету культурнай сталіцы Беларусі

Новополоцк принял эстафету культурной столицы Беларуси
Наваполацк прыняў эстафету культурнай сталіцы Беларусі ад Бабруйска.




Урачыстае адкрыццё рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі" адбылося ў Наваполацку. У святочных мерапрыемствах прыняў удзел міністр культуры Юрый Бондар, які ўручыў старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыю Дзямідаву спецыяльны сертыфікат. "Для вашага горада 2018 год незвычайны і асаблівы. Наваполацк святкуе 60-годдзе. На працягу ўсяго года будуць праходзіць мерапрыемствы, звязаныя з атрыманнем статусу культурнай сталіцы Беларусі. Горад атрымаў яго невыпадкова. Нягледзячы на сваю адносную маладосць, Наваполацк - найбуйнейшы прамысловы цэнтр краіны. Горад не можа пахваліцца старажытнымі помнікамі, але тут створана багатая сацыяльна-культурная сфера. Няма сумненняў, што ў Наваполацку будуць падтрыманы і атрымаюць развіццё традыцыі рэспубліканскага праекта, якія былі закладзены ў Полацку ў 2010 годзе. На працягу года запланавана правядзенне больш за 200 мерапрыемстваў. Яны нададуць імпульс далейшаму развіццю горада", - сказаў Юрый Бондар, звяртаючыся да жыхароў і гасцей горада.

Рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца Беларусі" праводзіцца з 2010 года. У кожным з гарадоў, аб'яўленых культурнай сталіцай, рэалізуюцца праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы, павышэнні турыстычнай прывабнасці. Наваполацку ёсць што паказаць і чым пахваліцца. У горадзе працуюць 12 устаноў культуры і мастацтва, на базе якіх дзейнічаюць 35 калектываў са званнямі народны, заслужаны і ўзорны. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя культурнай сталіцы 2018 года, праходзяць на некалькіх пляцоўках. У Цэнтры культуры арганізавана выстава-прэзентацыя "Скарбонка творчасці", на якой установы культуры прадставілі свае дасягненні. Лепшыя творчыя калектывы выступаюць на сцэне Палаца культуры ААТ "Нафтан", дзе адбылося афіцыйнае адкрыццё акцыі "Культурная сталіца".

"Беларусі".

Гэтая рэспубліканская акцыя праводзіцца ў дзявяты раз. Наваполацк стаў другім горадам Віцебскай вобласці, які атрымаў статус культурнай сталіцы. У 2010 годзе самым культурным горадам краіны быў Полацк. Статус культурнай сталіцы прысвойваўся Гомелю (2011 год), Нясвіжу (2012 год), Магілёву (2013 год), Гродна (2014 год), Брэсту (2015 год), Маладзечна (2016 год), Бабруйску (2017).

БЕЛТА.