Наваполацк далучыцца да патрыятычнай гульні «Вялікая Айчынная»
Расійскі гераічна-патрыятычны клуб "Генерал" прапанаваў Наваполацку супрацоўніцтва ў сферы ваенна-патрыятычнага выхавання праз гульню "Вялікая Айчынная". Гэта дамоўленасць стала адным з вынікаў ХIII Наваполацкага моладзевага форуму "Час сапраўдны", паведамілі ў Наваполацкім гарвыканкаме.
Форум праходзіць у горадзе 10-12 снежня, і яго ганаровымі гасцямі сталі прадстаўнікі моладзевага актыву з расійскіх гарадоў Электросталь, Кстова, Адзінцова, Арэхава-Зуева і Пушкінскага раёна Санкт-Пецярбурга.
"Наш клуб займаецца вывучэннем і рэканструкцыяй савецкіх памежных войскаў узору 1936 года. Для прыцягнення ў клубную дзейнасць рабят з 11 гадоў мы яшчэ 4 гады таму сталі выкарыстоўваць настольную гульню "Вялікая Айчынная". Яна ўдала спалучаецца з вывучэннем гістарычнага матэрыялу, робіць працэс незвычайным і несумным. На базе гульні можна праводзіць буйныя мерапрыемствы, турніры. Так мы выйшлі на агульнадзяржаўны, а затым і міжнародны ўзровень. І зацікаўлены ў тым, каб прыцягнуць да гэтага рабят з нашага горада-пабраціма", - растлумачыў кіраўнік клуба "Генерал", загадчык краязнаўчага музея горада Адзінцова Андрэй Ткачук.
Госці падарылі Наваполацку 2 стартавых камплекты гульні на 6 чалавек кожны. Яны ўтрымліваюць наборы для творчасці - збору і роспісу мініяцюр войскаў, якія з'яўляюцца гульнявымі фішкамі. Так што цяпер Наваполацк зможа праводзіць турніры паміж школамі горада, прымеркаваныя да нейкай важнай гістарычнай бітвы часоў Вялікай Айчыннай, рэканструючы тыя падзеі ў малым маштабе.
"Мы гатовыя аказаць метадычную дапамогу, растлумачыць сутнасць гульнявой механікі: як навучаць дзяцей і праводзіць турніры. Арганізаваць майстар-класы па зборы фішак і іх роспісе. У наступным самі дзеці стануць майстрамі-гульнятэхнікамі. І мы з радасцю прывязем усю сваю базу для адначасовага турніру з удзелам ад 120 да 240 чалавек. Такое мерапрыемства ўключае ў тым ліку прагляд фільмаў, выставы і іншыя складнікі ваенна-патрыятычнага выхавання", - дадаў Андрэй Ткачук.
Падчас форуму адбылася сустрэча з кіраўніцтвам горада ў Наваполацкім гарвыканкаме, дзе, дарэчы, была дасягнута дамоўленасць аб удзеле наваполацкіх мастацкіх калектываў у святах і фестывалях гарадоў-пабрацімаў у 2016 годзе. Акрамя таго, прайшла серыя круглых сталоў па разнапланавых пытаннях. Госці наведалі вучэльню алімпійскага рэзерву, азнаёміліся з умовамі працы маладых спецыялістаў у Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы і абмяняліся вопытам студатрадаўскага руху. У ААТ "Нафтан" расіяне сталі сведкамі ўрачыстай цырымоніі прысвячэння маладых спецыялістаў у "Нафтанаўцы" і "Паліміраўцы". Важнымі падзеямі ў гэтыя дні стала падвядзенне вынікаў года і ўзнагароджанне лепшых прадстаўнікоў моладзевага актыву Наваполацка ў 9 намінацыях.
Арганізатарамі форуму выступаюць Наваполацкі гарвыканкам і гарадская арганізацыя БРСМ.
Кацярына Князева, БЕЛТА.