Наваполацк развівае супрацоўніцтва з сербскім горадам Нішам у сферы аховы здароўя
Наваполацк развівае супрацоўніцтва з сербскім горадам Нішам у сферы аховы здароўя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Наваполацкім гарвыканкаме.
Увечары 8 снежня ў горад з афіцыйным візітам прыбыла дэлегацыя з Сербіі з мэтай устанаўлення кантактаў, а таксама абмену вопытам паміж установамі аховы здароўя Сербіі і Беларусі. Генеральны дырэктар Клінічнага цэнтра горада Ніш прафесар Зоран Радановіч, дырэктар Цэнтра малаінвазіўнай хірургіі клінічнага цэнтра доктар Вералюб Пейчыц і генеральны дырэктар спецыяльнай бальніцы "Рыбарска Баня" доктар Душан Шокарас сустрэліся са старшынёй гарвыканкама Наталляй Качанавай, падзяліліся першымі ўражаннямі аб горадзе і дамовіліся аб сустрэчным візіце пашыранай дэлегацыі Наваполацка ў Сербію ў 2015 годзе.
Адразу пасля афіцыйнай сустрэчы ў гарвыканкаме госці наведалі рабочую канферэнцыю па абмене вопытам у хірургіі кіл, у якой таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, урачы медустаноў бліжэйшых да Наваполацка раёнаў, а таксама Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Доктар Вералюб Пейчыц выступіў з дакладам у цэнтральнай гарадской бальніцы, а затым на найноўшым абсталяванні гэтай медустановы правёў паказальную аперацыю па выдаленні кілы пярэдняй брушной сценкі. Яшчэ серыю аперацый сербскі ўрач правядзе 10 снежня. Таксама дэлегацыя наведае санаторый-прафілакторый "Нафтан".
"Першыя кантакты з Сербіяй былі ўстаноўлены летась, калі наваполацкая дэлегацыя наведала горад Крушэвац, а пасля адбыўся іх сустрэчны візіт да нас на Дзень горада. Цяпер жа ўстаноўлены сувязі ў канкрэтным напрамку магчымага супрацоўніцтва. Мы працягнем шукаць кропкі сутыкнення - у культуры, адукацыі, эканоміцы, пасля чаго будзе распрацаваны пратакол аб намерах. У далейшым можна будзе гаварыць аб перспектывах устанаўлення пабрацімскіх сувязяў. Дарэчы, наваполацкія медыкі вельмі актыўна наладжваюць кантакты з калегамі з гарадоў-пабрацімаў. У жніўні гэтага года яны наведалі латвійскі горад Лудза, а ў снежні-студзені паедуць у Вентспілс. Гэта пацвярджае, што ўжо ўстаноўленыя пабрацімскія сувязі Наваполацка з 17 гарадамі свету маюць далейшае развіццё ў розных сферах", - сказалі ў гарвыканкаме.
Кацярына Князева