Наваполацк шырока адзначыць дні нараджэння "Нафтана" і "Паліміра"

Наваполацк шырока адзначыць дні нараджэння горадаўтваральных прадпрыемстваў – ААТ "Нафтан" і завода "Палімір", паведамілі ў мясцовым гарвыканкаме. 4 лютага спаўняецца 48 гадоў з моманту атрымання першага беларускага поліэтылену, а 9 лютага – 53 гады з дня атрымання першага беларускага бензіну. Адпаведна гэтыя даты лічацца днямі нараджэння завода "Палімір" і ААТ "Нафтан". І хоць даты не юбілейныя, Наваполацк з 3 па 9 лютага шырока адсвяткуе чарговую гадавіну цэлай серыяй урачыстасцей, канцэртаў, акцый, узнагароджанняў, спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў. Адметнай падзеяй стане адкрыццё 4 лютага мемарыяльнай дошкі былому дырэктару Полацкага нафтаперапрацоўчага завода, ганароваму грамадзяніну Наваполацка Пятру Кароткіну на мемарыяльным комплексе "Першая палатка". У верасні мінулага года горад адзначыў 100 гадоў з дня нараджэння гэтага кіраўніка, пры якім завод увайшоў у лік найбуйнейшых НПЗ Еўропы. Пасля адкрыцця дошкі ў малай зале Палаца культуры ААТ "Нафтан" пройдзе ўрачыстая цырымонія ўручэння памятных медалёў "100 гадоў з дня нараджэння Кароткіна П.І.".

На наступны дзень падарункам для нафтанаўцаў і ветэранаў працы, іх сем'яў стане урачысты вечар "Энергія стварэння" з канцэртам і танцавальна-забаўляльнай праграмай. А ў выхадны ўсіх збярэ на беразе возера Маладзёжнае вялікае зімовае свята "Мой любімы завод". Калі надвор'е не ўмяшаецца ў планы арганізатараў, тут пройдуць спаборніцтвы па зімовай рыбалоўлі паміж камандамі ААТ "Нафтан" і завода "Палімір", забавы і конкурсы, канцэрт, святочны гандаль, узнагароджанне пераможцаў круглагадовых спартакіяд, выстава-конкурс роставых фігур і кампазіцый, творчыя прэзентацыі цэхаў, атракцыёны і дыскатэка.

Кацярына Князева, БЕЛТА.