Наваполацк сустракае восень рок-марафонам

Новополоцк встречает осень рок-марафоном

Рок-марафон "Наваполацк - горад без наркотыкаў" пройдзе ў нафтаградзе 6 верасня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім Дзявятоўскі.

На працягу сямі гадзін на галоўнай плошчы Наваполацка будзе гучаць жывая музыка ў выкананні калектываў, якія прадстаўляюць розныя напрамкі року. У перапынках паміж выступленнямі музыканты выкажуць сваё стаўленне да наркотыкаў. "Наша ініцыятыва знайшла жывы водгук у музыкантаў. Выказваючы падтрымку арганізатарам, адна з груп-удзельніц нават размясціла ў сацыяльных сетках ролік супраць наркотыкаў", - распавёў Вадзім Дзявятоўскі, падкрэсліўшы, што Наваполацк - гэта малады студэнцкі горад, чым і абумоўлены выбар музычнай і тэматычнай накіраванасці мерапрыемства.

Свята року ў ходзе акцыі "Музычныя вечары "Белай Русі" пройдзе ў Наваполацку ўжо ў чацвёрты раз. У першым прынялі ўдзел каля дзясятка груп, у гэтым годзе аб сваім жаданні ўдзельнічаць у фестывалі заявілі ўжо больш за 50 калектываў з Беларусі і Расіі. На сцэну выйдуць 15 груп з розных рэгіёнаў краіны, прыкладна палова ўдзельнікаў - прадстаўнікі Наваполацка і Полацкага раёна. "Дзень року ў Наваполацку - чаканае і вядомае мерапрыемства, якое накіравана на падтрымку пачаткоўцаў музыкантаў. Гэта сапраўднае свята для прыхільнікаў року і прыхільнікаў жывой музыкі", - адзначыў суразмоўца.

Алена Ціханава