Наваполацкая хакейная школа атрымае Br25 млн. за пераможны гол Андрэя Касціцына ў матчы з Аўстрыяй
6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву хакейнага клуба "Хімік" з Наваполацка атрымае Br25 млн. ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба за пераможны гол форварда зборнай Беларусі Андрэя Касціцына ў матчы з камандай Аўстрыі ў стартавым паядынку турніру за захаванне прапіскі ў элітным дывізіёне чэмпіянату свету, які праходзіць у славацкіх Браціславе і Кошыцах, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У рамках праекта, які стартаваў у 2010 годзе на папярэднім чэмпіянаце свету ў Германіі, Прэзідэнцкі спартыўны клуб прадастаўляе кожнаму гульцу нацыянальнай каманды Беларусі, які закінуў пераможную шайбу, а таксама брамніку, які згуляў "на нуль", права вызначыць дзіцяча-юнацкую хакейную школу, якой будзе аказана бязвыплатная дапамога ў памеры Br25 млн. на ўмацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыю спартыўных мерапрыемстваў.
5 мая пасля доўгачаканай перамогі над аўстрыйцамі з лікам 7:2, якая стала першай для беларусаў на цяперашнім чэмпіянаце свету, аўтар трэцяй, вырашальнай шайбы Андрэй Касціцын цалкам прадказальна выбраў у якасці адрасата Спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву хакейнага клуба "Хімік" (Наваполацк).
"Выбіраю Наваполацк. Я там вырас, там мае трэнеры, яны выхавалі мяне як хакеіста. Цяпер яны выхоўваюць малышоў. Я аддам гэтыя грошы ім. Няхай яны пойдуць на форму і на клюшкі", - сказаў у інтэрв'ю прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба форвард зборнай Беларусі, які яшчэ тыдзень таму змагаўся за Кубак Стэнлі ў складзе канадскага "Манрэаля".
На цяперашнім чэмпіянаце свету ў гульцоў зборнай Беларусі будуць яшчэ дзве спробы дапамагчы дзіцячаму хакею, а заадно і захаваць прапіску ў элітным дывізіёне чэмпіянату свету. 7 мая ў Кошыцах беларусы згуляюць з Латвіяй (пачатак у 13.15 па мінскім часе), а 8 мая - у Браціславе са Славеніяй (21.15). Усе паядынкі нашай каманды Белтэлерадыёкампанія будзе трансляваць у прамым эфіры.
Турнірнае становішча: Беларусь - 3 ачкі (пасля 1 матча; розніца шайб 7-2), Славенія - 3 (1; 5-2), Латвія - 0 (1; 2-5), Аўстрыя - 0 (1; 2-7).
Дзве горшыя каманды пакінуць элітны дывізіён.-0-