Наваполацкія геймеры гуляюць у раздзельны збор смецця

28 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Незвычайны дыск - з 12 тэматычнымі камп'ютарнымі гульнямі па экалогіі і энергазберажэнні - створаны цэнтрам пазашкольнай работы Наваполацка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар цэнтра Наталля Сярэкава. Зборнік для геймераў стаў вынікам творчага конкурсу сярод праграмістаў ва ўзросце ад 10 да 21 года, які пры падтрымцы Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні" праводзіў цэнтр пазашкольнай работы. Тэмай конкурсных работ стала праблема раздзельнага збору смецця. Як аказалася, таленавітым камп'ютаршчыкам не склала працы прыдумаць займальныя і карысныя гульні, якія выхоўваюць экалагічную культуру. У конкурсе прынялі ўдзел 14 прэтэндэнтаў, якія прадставілі журы свае работы. Пераможцамі былі прызнаны 12 гульняў, прызначаных для розных узроставых катэгорый і для розных узроўняў падрыхтоўкі гульцоў, якія і былі расцеразіраваны. Мяркуецца, што дыскі будуць распаўсюджаны ў навучальных установах Наваполацка і Полацка, а таксама ў школах суседніх раёнаў. Па словах Наталлі Сярэкавай, цікавасць да іх праявілі нават замежныя геймеры. У наступным годзе цэнтр пазашкольнай работы мае намер правесці адкрыты рэгіянальны конкурс "Эка-геймер" па гульні ў камп'ютарны раздзельны збор смецця. Гарадская камп'ютарная гульня не адзіная крэатыўная знаходка ў экалагічным выхаванні школьнікаў Наваполацкага цэнтра. Тут створаны і паспяхова гастралюе па рэгіёне перасоўны экалагічны тэатр "Мурашнік", добраўпарадкаваны мегалітычныя аб'екты Полацкага Стоўнхэнджа для "зялёнага" маршруту "Зорная дыядэма Палачаншчыны". Усе гэтыя праекты таксама падтрыманы сумеснай праграмай ЕС і ПРААН.-0-