Наваполацкія мамы ў 2010 годзе за нараджэнне дзяцей будуць атрымліваць прэмію
18 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Наваполацкія мамы ў 2010 годзе за нараджэнне дзяцей будуць атрымліваць прэмію. Такое рашэнне прынята гарадскімі ўладамі для павышэння нараджальнасці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Лідзія Афанасьева.
Усе наваполачанкі, якія нарадзілі ў 2010 годзе дзяцей, акрамя належных па заканадаўстве выплат дадаткова з бюджэту горада атрымаюць Br100 тыс. Бацькі двайнят па традыцыі, якая склалася дзесяцігоддзямі, атрымаюць таксама ў падарунак наборы для нованароджаных. А маладых мам і тат трайнят, акрамя ўсяго іншага, чакаюць асабістыя віншаванні ад кіраўніцтва Наваполацка.
Па выніках студзеня-лістапада 2009 года ў Наваполацку нарадзіліся 811 дзяцей, што складае 92% да аналагічнага ўзроўню 2008 года. Менш зафіксавана за гэты перыяд у горадзе нафтавікоў і шлюбаў: 875, або 90,3% да студзеня-лістапада папярэдняга года. Каб выправіць дэмаграфічную сітуацыю ў лепшы бок, мясцовыя ўлады рэалізуюць цэлы комплекс мер. "Выплата прэмій маладым бацькам у 2010 годзе - гэта толькі адзін са крокаў у гэтым напрамку", - адзначыла суразмоўніца. Так, для забеспячэння рэпрадуктыўнага здароўя маладых людзей наладжана шырокая інфармацыйна-асветніцкая работа. Пастаянны характар носяць мерапрыемствы, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця і каштоўнасці сям'і.
У Віцебскай вобласці ў студзені-лістападзе 2009 года нарадзіліся 11560 дзяцей, або 102,9% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. У абласным цэнтры за 11 месяцаў з'явіліся на свет 3558 дзяцей (102,6%). Найбольшая нараджальнасць за гэты час адзначаецца ў Лёзненскім, Верхнядзвінскім і Шумілінскім раёнах, удакладнілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.-0-