Наваполацкія школьнікі могуць стаць уладальнікамі дзярждыплома Францыі аб веданні французскай мовы
9 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выпускнікі двухмоўнай секцыі наваполацкай гімназіі разам з атэстатам змогуць атрымаць дзяржаўны дыплом Францыі аб паглыбленым веданні французскай мовы. Пагадненне аб гэтым падпісана паміж пасольствам Францыі ў Беларусі, аддзелам адукацыі Наваполацкага гарвыканкама і гімназіяй, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Святлана Драздоўская.
Заняткі ў двухмоўнай секцыі пачнуцца ўжо з новага навучальнага года. Школьнікі на працягу чатырох гадоў будуць не толькі паглыблена вывучаць мову Стэндаля і Бальзака па адукацыйных праграмах Францыі, але і знаёміцца з гісторыяй і геаграфіяй гэтай краіны на французскай мове. Уступныя і выпускныя экзамены ў іх будуць прымаць супрацоўнікі пасольства і пасольскія выкладчыкі. Другой мовай для паглыбленага вывучэння стане адна з дзяржаўных моў Беларусі - беларуская або руская. Першае конкурснае выпрабаванне з поспехам вытрымалі ўсе 13 прэтэндэнтаў - выпускнікі 7-х класаў наваполацкіх школ. Яны ўжо залічаны ў секцыю.
Як адзначыла Святлана Драздоўская, валоданне дыпломам дазволіць наваполацкім юнакам і дзяўчатам працягнуць сваю адукацыю ў любым французскім універсітэце без здачы тэсту па мове, які з'яўляецца абавязковым для замежных абітурыентаў. Метадычную дапамогу ў арганізацыі двухмоўнай секцыі навапалачанам аказала пасольства Францыі.
Наваполацк стаў першым горадам абласнога падпарадкавання, дзе пры падтрымцы французскага пасольства адкрылася двухмоўная секцыя. Раней па адной падобнай секцыі было створана толькі ў Мінску і абласных цэнтрах. Французская мова выкладаецца ў 30% школ нафтаграда. Каля 6% школьнікаў Наваполацка вывучаюць яе ў рамках школьнай праграмы, у той час як сярэдні паказчык па Беларусі складае 4%. Сярод гарадоў-пабрацімаў Наваполацка ёсць і французскія - Жывор, Шаффай.-0-