Наваполацкія вадналыжнікі ў ліку лідараў на чэмпіянаце Еўропы ў Парыжы

Новополоцкие воднолыжники в числе лидеров на чемпионате Европы в Париже
На чэмпіянаце Еўропы, які завяршыўся ў Парыжы, прадстаўнікі праслаўленай Наваполацкай школы па водналыжным спорце ім. Генова паклалі ў скарбонку нашай зборнай адразу 4 медалі рознай вартасці.

Чаpговы раз парадавалі прадстаўнікі праслаўленай Наваполацкай школы па водналыжным спорце ім. Генова. На чэмпіянаце Еўропы, які завяршыўся ў Парыжы, яны паклалі ў скарбонку нашай зборнай адразу 4 медалі рознай вартасці.

Узнагароды вышэйшай пробы, здзейсніўшы сапраўдны подзвіг, заваявала прыма беларускага спорту шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы Наталля Берднікава. Адзначу, што яна стала ўдзельніцай усіх трох фіналаў, і затраты сіл, адпаведна, спатрэбіліся трайныя. Першае «золата» водналыжніца ўзяла ў фігурным катанні з сумай 9090 балаў. Затым з-за падзення было 12-е месца ў слаламе («серабро» ў гэтым відзе ўзяла мінчанка Ірына Дымонт) і 4-е ў скачках з трампліна, але ў выніку Наташа стала лепшай і ў мнагабор'і. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» яна напісала: «Увесь гэты тыдзень быў маёй асабістай перамогай, і я шчаслівая і ўдзячная. Часам восенню даводзіцца змагацца з жаданнем усё кінуць, але такія моманты паказваюць: гэта таго варта!»

Лепшы на планеце водналыжнік мінулага сезона, сапраўдны ас фігурнага катання, дзеючы чэмпіён і рэкардсмен свету Аляксей Жарнасек усяго 20 ачкоў саступіў пераможцу і стаў другім з сумай 10470.

Асабліва хочацца адзначыць «бронзу» нашага аксакала Алега Дзявятоўскага. Выхаванец братоў Аркадзя і Уладзіміра Генавых паднёс сапраўдную сенсацыю, ва ўпартай барацьбе апярэдзіўшы маладых атлетаў. Варта сказаць, што Алег яшчэ ў 1998 годзе першым з беларускіх водналыжнікаў выйграў чэмпіянат Еўропы. Яго праслаўлены брат Вадзім, які ўзначальвае Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі і, натуральна, знаходзіўся на чэмпіянаце свету ў Пекіне, тым не менш знайшоў час пракаментаваць гэты факт праз Інтэрнэт: «Выдатная навіна! Мой брат у 41 год зноў паказаў сілу, цягавітасць, тэхніку і найвышэйшую каардынацыю. З перамогай, Алежка! Я заўсёды ў цябе верыў, веру і буду верыць! Ты сапраўдны спартсмен-герой!».

Застаецца дадаць, што дзякуючы трыумфу спартсменаў Віцебшчыны (яшчэ адна наваполачанка, Ганна Стрэльцова, апынулася 5-й у мнагабор'і) беларуская дружына стала 2-й у Старым Свеце, саступіўшы толькі пераможцам-французам.

Алесь Бынькоў, «Віцебскія весці».