Наваполацкія «Звонкія галасы» заваявалі золата на сусветным «Гран-пры» сярод хароў у Аўстрыі

25 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Наваполацкі ўзорны хор "Звонкія галасы" прывёз пяць залатых медалёў з двух сусветных прэстыжных конкурсаў сярод хароў розных краін, якія праходзілі з 10 па 17 ліпеня ў аўстрыйскім Грацы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік хору Альберт Кажушкевіч.

Чатыры залатыя медалі беларускі хор заваяваў у намінацыях "Духоўная музыка" і "Аднародныя моладзевыя хоры" на I чэмпіянаце свету сярод хароў розных краін. За яркія і пераканаўчыя перамогі ў чэмпіянаце наваполачан запрасілі выступіць на яшчэ адным міжнародным спаборніцтве, якое праходзіла паралельна, - сусветным харавым "Гран-пры". Удзел у апошнім прынёс "Звонкім галасам" вялікі залаты медаль і запрашэнне на Алімпійскія харавыя гульні 2012 года, якія будуць праходзіць у амерыканскім горадзе Цынцынаці.

"Гэтая найпрэстыжнейшая ўзнагарода дазваляе нашаму калектыву ўдзельнічаць у сусветных харавых конкурсах без праходжання кваліфікацыйных або адборачных этапаў. Аднак перш за ўсё яна служыць умацаванню прэстыжу Беларусі", - адзначыў Альберт Кажушкевіч. Ён таксама дадаў, што перамога стала прыемнай нечаканасцю для наваполацкага калектыву.

Хор "Звонкія галасы" створаны ў Наваполацкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе №3 у 1972 годзе. Яго рэпертуар уключае творы беларускіх, расійскіх кампазітараў, заходнееўрапейскую класіку, духоўна-хрысціянскую музыку. Хор пастаянна канцэртуе, удзельнічае ў міжнародных фестывалях і конкурсах. Так, у 2004 годзе ён заваяваў першае месца і атрымаў першую прэмію ў міжнародным конкурсе "Айстэдфод" у Вялікабрытаніі. У 2008-м узнагароджаны сярэбраным медалём у катэгорыі "Моладзевыя аднародныя хоры" на V Сусветных Алімпійскіх харавых гульнях у Грацы (Аўстрыя). Творы ў выкананні наваполацкага хору гучалі ў найвядомейшых саборах Лондана, Солсберы, Молверна.

Стваральнікам і нязменным кіраўніком "Звонкіх галасоў" з'яўляецца Альберт Кажушкевіч. За высокія дасягненні ў працы ён узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрстваў адукацыі, культуры, граматамі гарадскога выканаўчага камітэта, значком "Выдатнік адукацыі", медалямі "За заслугі" і "2000 гадоў хрысціянству".-0-