Наваполацкі біямехзавод да 2012 года плануе выйсці на праектную магутнасць па перапрацоўцы смецця
25 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вытворчае камунальнае унітарнае прадпрыемства "Біямехзавод па перапрацоўцы другасных рэсурсаў" (Наваполацк) да 2012 года плануе выйсці на праектную магутнасць перапрацоўкі смецця, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Альберт Шакэль.
Прадпрыемства па прыёме, сартаванні, перапрацоўцы і ўтылізацыі цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) уведзена ў эксплуатацыю ў мінулым годзе. Магутнасці завода, аснашчанага абсталяваннем нямецкай фірмы LEMANN, дазваляюць перапрацоўваць 65 тыс.т ЦБА у год, а таксама здабываць да 20% другасных матэрыяльных рэсурсаў (макулатуры, пластмасы, тэкстылю, шклабою). У цяперашні час сартавальная лінія завода працуе на поўную магутнасць, а загружанасць абсталявання па перапрацоўцы асобнага смецця складае менш за 50%, што значна абмяжоўвае магчымасці прадпрыемства.
Для вырашэння гэтай праблемы плануецца арганізаваць асобны збор смецця ў маштабах усяго горада, усталяваўшы ва ўсіх пад'ездах жылых дамоў спецыяльныя кантэйнеры для пластмасы, шкла, макулатуры, тэкстылю. Да цяперашняга часу ў Наваполацку ўстаноўлена 400 такіх кантэйнераў. У гэтым годзе плануецца закупіць яшчэ каля тысячы.
Паралельна ў Наваполацку разгорнута шырокая інфармацыйная кампанія па павышэнні экалагічнай пісьменнасці насельніцтва.
ВКУП "Біямехзавод па перапрацоўцы другасных рэсурсаў" уведзена ў эксплуатацыю ў 2010 годзе. Інвестыцыі ў яго стварэнне склалі Br26 млрд. Колькасць працаўнікоў - каля 100 чалавек.-0-