Наваполацкі гарвыканкам і Полацкі памежны атрад заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве

Наваполацкі гарвыканкам і Полацкі пагранатрад заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебко.

Згодна з дакументам, гарвыканкам актывізуе работу па якасным адборы прызыўнікоў з Наваполацка для праходжання службы на пагранічнай заставе "Плюсы" і будзе папулярызаваць службу ў пагранічных войсках, зоймецца арганізацыяй адпачынку дзяцей вайскоўцаў у аздараўленчых лагерах, акажа дапамогу ў камплектаванні бібліятэкі заставы "Плюсы" літаратурна-мастацкімі і навукова-папулярнымі выданнямі.

Пагранічнікі ў сваю чаргу абавязваюцца хадайнічаць перад вышэйшым кіраўніцтвам аб прысваенні заставе "Плюсы" ганаровага звання "Наваполацкая" і ўкамплектоўваць падраздзяленні і прызываць на службу наваполачан.

Таксама плануецца арганізацыя і правядзенне Дзён адкрытых дзвярэй на заставе з запрашэннем прызыўнікоў і іх бацькоў.

БЕЛТА