Наваполацкі конкурс юных выканаўцаў «Халі-Хала» атрымае міжнародны статус

Новополоцкий конкурс юных исполнителей «Хали-Хало» получит международный статус

Міжнародны статус атрымае ў наступным годзе рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало». А ў мінулыя выхадныя ён сабраў у Наваполацку 45 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі, якія пакарылі гледачоў сваім яркім талентам, магутнай энергетыкай, непаўторнай харызмай.

Конкурс, прызваны раскрыць і падтрымаць юныя таленты, невыпадкова быў створаны ў самым маладым горадзе нашай краіны. Сімвалічным назваў гэты факт намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, які прыехаў павіншаваць удзельнікаў свята. Ён падкрэсліў, што рашэнне аднавіць фестываль дзіцячай творчасці пасля пэўнага перапынку было дальнабачным і правільным. Бо «Халі-Хало» адкрывае бліскучых выканаўцаў, яго лаўрэатамі ў свой час былі Пётр Елфімаў і Наталля Падольская, а нядаўна — і Валерыя Грыбусава, якая стала ўладальніцай першай прэміі на XXIV фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

— Наваполацкі конкурс адрозніваецца сваёй незабыўнай атмасферай. Тут усё вельмі цёпла, душэўна, па-сямейнаму. Заўсёды ёсць годныя прэтэндэнты на ўзнагароды, — падзялілася ўражаннямі пераможца «Халі-Хало-2011» Анастасія Філіпава з Міёр, якая таксама атрымала ў Наваполацку пуцёўку ў далейшае творчае жыццё. Цяпер яна вучыцца ў акадэміі музыкі, паспяхова канцэртуе, выкладае ў эстраднай студыі і ў наступным годзе плануе прывезці на «Халі-Хало» ўжо сваіх вучняў.

Насця і іншыя лаўрэаты мінулых гадоў увайшлі ў склад дзіцячага журы і выступілі на ўрачыстым адкрыцці, задаўшы высокую планку ўдзельнікам «Халі-Хало-2015». Акрамя таго, урок майстэрства юным вакалістам далі спявачка Жанет і заслужаны дзеяч мастацтваў, кампазітар Алег Елісеенкаў.

Творчае спаборніцтва праходзіла ў трох узроставых катэгорыях. Найбольшая канкурэнцыя разгарнулася ў сярэдняй групе ад 12 да 14 гадоў, дзе пераможцаў вызначалі літаральна паўбала.

Узнагароджанне пацвердзіла традыцыйна моцны ўзровень магілёўскай і мінскай выканальніцкіх школ. У ліку лаўрэатаў таксама прадстаўнікі Жодзіна, Брэста, Слуцка. Юным выканаўцам нашай вобласці пакуль не ўдаецца заваяваць галоўны прыз конкурсу. Другое месца ў малодшай узроставай катэгорыі сёлета атрымала Валерыя Езерская з Наваполацка, а ў старэйшай групе – Яна Барынава з Лепеля.

Пераможцы атрымалі мабільныя тэлефоны, планшэты і ноўтбукі ад прадпрыемстваў і арганізацый нафтаграда, якія выступілі спонсарамі мерапрыемства. Свае прызы вакалістам прадаставіла таксама афіцыйны партнёр конкурсу – кампанія «Мабільныя ТэлеСістэмы».

А галоўным падарункам стаў прафесійны мікрафон, набыты за кошт сродкаў ААТ «Нафтан». Яго разам з Гран-пры «Халі-Хала-2015» звезла ў сталіцу рэспублікі
12-гадовая Мілана Радчанка, выхаванка эстраднай майстэрні Васіля Сенькова. Бабуля таленавітай дзяўчынкі Наталля Кісялёва – музыка па прафесіі і сама курыруе творчае станаўленне любімай унучкі. Раней Мілана ўжо перамагала на конкурсах у Парыжы, Празе, Санкт-Пецярбургу, Маладзечне. У аснове яе дасягненняў не толькі прыродны дар, але і вялікае працалюбства, жаданне ўдасканальваць свае здольнасці.

Менавіта гэтыя фактары назвала вызначальнымі на шляху дасягнення поспеху старшыня журы Святлана Стацэнка, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік цэнтра па падрыхтоўцы таленавітай моладзі ім. В. Мулявіна, мастацкі кіраўнік праекта «Я спяваю!» на тэлеканале АНТ.

– Ніколі не здавайцеся, ідзіце толькі наперад, што не атрымалася сёння – абавязкова атрымаецца заўтра. Памятайце, што зорная дарога цяжкая і церністая, а той, хто яе выбірае, павінен быць моцным і верыць у сябе, – напуціла юных конкурсантаў Святлана Адамаўна.

Яркіх перамог і светлай творчай будучыні пажадаў дзецям старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў. За падтрымку ў арганізацыі конкурсу ён выказаў удзячнасць намесніку прэм'ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай, Міністэрству культуры, аблвыканкаму, падзякаваў журы і спонсарам, а таксама паабяцаў, што «Халі-Хало» будзе развівацца і дасягаць новых вышынь.

Аптымізм кіраўніка горада падзяліў і намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік. Ён адзначыў, што наваполацкі конкурс становіцца ўсё больш цікавым, разнастайным, прывабным, адыгрывае важную ролю ў эстэтычным выхаванні маладога пакалення. Увогуле, рэзюмаваў Васіль Мячыслававіч, Наваполацку пара выходзіць на новы ўзровень, а таму прынята рашэнне надаць «Халі-Хало-2016» міжнародны статус.

Ларыса Малашэня, фота аўтара. «Віцебскія весці».