Наваполацкі хлебазавод у ліпені ўвядзе ў эксплуатацыю новы кандытарскі цэх
9 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Наваполацкі хлебазавод у 2010 годзе рэалізуе буйны інвестыцыйны праект па пашырэнні вытворчасці кандытарскіх вырабаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Зіноўеў.
У адпаведнасці з бізнес-планам на існуючых плошчах плануецца рэканструяваць вольны цэх. Будаўнічыя работы тут ужо пачаліся. У маі ў цэху будзе ўстаноўлена тэхналагічнае абсталяванне чэшскай, італьянскай і айчыннай вытворчасці магутнасцю да 50 т кандытарскіх вырабаў у месяц. Выйсці на гэтыя вытворчыя паказчыкі прадпрыемства плануе ў 2011 годзе. Увод у эксплуатацыю аб'екта намечаны на ліпень бягучага года.
Кошт праекта складае Br2 млрд. Тэрмін акупнасці - 4,5 года. Яго рэалізацыя дазволіць хлебазаводу павялічыць выпуск кандытарскіх вырабаў у пяць разоў (цяпер магутнасці складаюць 5 т у месяц), аб'ём усёй вытворчасці - на 15%. Акрамя таго, істотна пашырыцца асартымент салодкіх прадуктаў, бо на новым абсталяванні можна будзе выпускаць звыш 20 відаў кандытарскіх вырабаў, адзначыў кіраўнік.
За студзень-люты прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br1,7 млрд., або 112,2% да ўзроўню 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі - 8,5%. Прадукцыйнасць працы за два месяцы вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 12,7%.
Прадпрыемства ўведзена ў эксплуатацыю ў 1990 годзе. Уваходзіць у склад РВУП "Віцебскхлебпрам". Магутнасці разлічаны на выпуск 40 т прадукцыі ў суткі. Асартымент налічвае больш за 70 найменняў. Агульная колькасць працаўнікоў - звыш 200 чалавек.-0-