Наваполацкі завод БВК можа пачаць вытворчасць біяпаліва

12 студзеня, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праграма выхаду на бясстратную працу будзе распрацавана на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў" (РУП "Наваполацкі завод БВК"). Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец пасля наведвання прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На думку губернатара, прадпрыемства павінна захаваць сваю спецыялізацыю і працягнуць выпуск імпартазамяшчальных кармавых дабавак для жывёлагадоўлі. Разам з тым патрэбы рынку гавораць аб неабходнасці пашырэння асартыменту, у прыватнасці, выпуску вітамінных прэпаратаў для ўзбагачэння кармоў, якія да гэтага часу імпартуюцца, а таксама асваенні вытворчасці біяпестыцыдаў. Яшчэ адным перспектыўным напрамкам у развіцці БВК, па словах старшыні аблвыканкама, з'яўляецца вытворчасць біяпаліва. Аднак самай важнай задачай для прадпрыемства Аляксандр Косінец лічыць зніжэнне ўдзельнай вагі паліўна-энергетычных рэсурсаў у сабекошце гатовай прадукцыі. У цяперашні час яна складае больш за 65%. У сувязі з гэтым трэба ўвесці ў строй энергаэфектыўныя ўстаноўкі, якія маглі б працаваць не толькі на газе, але і на мясцовых відах паліва. Дырэктар завода БВК Аляксандр Ніяўкоўскі паведаміў, што на прадпрыемстве ўжо заменены цэнтрыфугі і сепаратары, якія выдаляюць лішак вільгаці з біямасы. Сучаснае абсталяванне дазволіла павялічыць долю сухіх рэчываў у прадукце з 10% да 15-18%. Гэта ў сваю чаргу прывяло да памяншэння спажывання прыроднага газу амаль у 1,3-1,5 раза на канчатковым этапе прыгатавання правіта. Прадпрыемства мае намер рэалізаваць у бліжэйшы час яшчэ адзін энергазберагальны праект, які прадугледжвае стварэнне ўласнай міні-ЦЭЦ. Як падкрэсліў Аляксандр Ніяўкоўскі, неабходнасць уводу ў строй энергагенеруючага абсталявання выклікана як неабходнасцю скарачэння выдаткаў на электраэнергію, так і тэхналогіяй вытворчасці: выхлап газавай турбіны будзе выкарыстоўвацца ў якасці сушыльнага агента. Наваполацкі завод БВК з'яўляецца адзіным у Беларусі прадпрыемствам па выпуску кармавога мікрабіялагічнага бялку (правіта) - натуральнай кармавой дабаўкі для жывёлагадоўлі, уключанага ў дзяржпраграму імпартазамяшчэння. Акрамя правіта, прадпрыемствам асвоены выпуск кармавых аўтарызаваных дрожджаў, кармавой мінеральна-вітамінна-бялковай дабаўкі сапраправіт, а таксама выпушчаны доследныя партыі біялагічных сродкаў абароны раслін – біялагічных пестыцыдаў і інсектыцыдаў. З 2010 года ў сувязі са змяненнем тарыфаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы прадпрыемства працуе са стратамі. Завод БВК быў створаны ў 1978 годзе. На прадпрыемстве працуюць больш за 500 чалавек.-0-