На мемарыяльным комплексе «Рыленкі» адкрылі новую пліту з 41 прозвішчам воінаў, якія загінулі пры вызваленні Дубровенскага раёна

Новую плиту с 41 фамилией воинов, погибших при освобождении Дубровенского района, открыли на мемориальном комплексе "Рыленки"
На мемарыяльным комплексе "Рыленкі" адкрылі новую пліту з 41 прозвішчам воінаў, якія загінулі пры вызваленні Дубровенскага раёна.

 Тут адбыўся мітынг, прысвечаны 77-й гадавіне вызвалення аднайменнай вёскі. У мерапрыемствах узяў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

– На тэрыторыі нашай вобласці пахавана 413 тыс. салдат і афіцэраў, 206 тыс. з іх не ўстаноўлены да гэтага часу, – адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса. – Вельмі важна, што праз гады і дзесяцігоддзі мы даведваемся прозвішчы тых, хто змагаўся за Радзіму, за незалежнасць нашай краіны.

Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што 15 кастрычніка ў Віцебску прайшла цырымонія ўручэння школе №33 пасведчання аб прысваенні імя двойчы Героя Савецкага Саюза, генерала арміі Івана Данілавіча Чарняхоўскага.

– Сёння таксама знакавае мерапрыемства, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – Таму што такія падзеі не бываюць радавымі. Сёння мы адкрываем пліту, на якой нанесена 41 прозвішча воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна. Яны былі ўстаноўлены дзякуючы краязнаўцам і пошукавікам Дубровенскага раёна. І сёння, праз 77 гадоў, сваякі гэтых байцоў могуць прыехаць сюды і схіліць галовы. І гэта ўжо нават не ўнукі, а праўнукі. Вельмі важна, што памяць жывая і мы ганарымся гэтым.

Трохі больш за паўгода спатрэбілася работнікам Дубровенскай раённай бібліятэкі, каб усталяваць дзясяткі новых імёнаў. Старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў распавёў, што ўзначаліў карпатлівую працу па пошуках і зборы інфармацыі дубровенскі краязнавец Аляксей Гаўруцікаў. Сярод ушанаваных – санітар санітарнага узвода 1-га стралковага батальёна Іван Гудкоў, тэлефаніст роты сувязі Іван Драздоў, старшына Іван Хатунцаў, чырвонаармейцы Дзмітрый Уласаў, Кузьма Шчалокаў і інш… За кожным з гэтых імёнаў – сапраўдны подзвіг і наша слаўная гісторыя.

Сёння мемарыяльны комплекс «Рыленкі» – адзін з самых велічных помнікаў краіны, устаноўленых у месцах масавых пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі. Нагадаем, што адкрыццё мемарыяла адбылося ў 1973 годзе. На той перыяд было вядома 5100 імёнаў загінулых пры вызваленні Дубровеншчыны. У ходзе рэканструкцыі было ўзведзена 228 мемарыяльных пліт, на якія нанесена 9402 прозвішчы байцоў.

"Віцебскія весці".