Новую пляцоўку для стрыт-воркаута адкрылі ў Кастрычніцкім раёне Віцебска
Першая ў Кастрычніцкім раёне пляцоўка для заняткаў стрыт-воркаўтам (street workout — з англійскай мовы «вулічная трэніроўка») адкрылася нядаўна на тэрыторыі сярэдняй школы №34. Размясціліся на ёй дзевяць розных снарадаў для заняткаў сілавымі відамі спорту: разнавысокія турнікі, рукаход, шведская сценка, лава для прэса, брусы і іншыя.
Як распавёў дырэктар школы Міхаіл Лапіцкі на ўрачыстым адкрыцці аб'екта, ідэя зрабіць пляцоўку ўзнікла ў мінулым годзе. І навучальная ўстанова ўзялася яе рэалізоўваць сваімі сіламі за кошт пазабюджэтных сродкаў. Закупілі металічныя трубы, камплектуючыя, усё зварылі, пафарбавалі. Дапамогу ў ажыццяўленні задуманага аказала беларускае грамадскае аб'яднанне «Аптымаліст», прадстаўнікі якога ўжо трэці год папулярызуюць у Віцебску стрыт-воркаут. Менавіта яны прадаставілі адміністрацыі школы чарцяжы турнікаў.
— У школе ў нас вялікая ўвага надаецца заняткам фізічнай культурай і спортам, — распавёў Міхаіл Мікалаевіч. — Вось, напрыклад, на гарадской зімовай спартакіядзе мы занялі трэцяе месца. Адкрыццё такой пляцоўкі — магчымасць для рабят разнастаіць вольны час і правесці свабодны час з карысцю для здароўя. Прыемна бачыць школьнікаў на турніках да пачатку ўрокаў і пасля іх. Дарэчы, да заняткаў спортам мы запрашаем усіх жадаючых.
Алеся Саматой, «Віцьбічы».