Новую пажарную частку адкрылі ў Полацку
Выдатная навіна для ўсіх жыхароў мікрараёна «Аэрапорт» у Полацку – цяпер яны пад надзейнай абаронай! Пад сваё крыло іх узялі работнікі новай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Сучасны аб'ект уведзены ў строй менш чым за год. Будаўнічыя работы выканала Шумілінская ПМК-70. Паспелі якраз да свята.

Нясці службу ў падраздзяленні будуць 30 чалавек, штодзённа – 9 ратавальнікаў. Для асабовага складу створаны самыя камфортныя ўмовы: абсталяваны тэхнічныя памяшканні, пакоі адпачынку, псіхалагічнай разгрузкі, трэнажорная зала. На ўзбраенні часці – тры пяцітонныя аўтацыстэрны і 30-метровая аўталесвіца.
У мікрараёне, якому без такога аб'екта не абысціся, размешчана 95 шматкватэрных жылых дамоў, тры гандлёвыя аб'екты, адзін будынак павышанай павярховасці і прадпрыемства «Полацкія напоі і канцэнтраты», дзе выкарыстоўваюцца хімічна-небяспечныя рэчывы.
З важнай падзеяй усіх павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін:

— Велізарны дзякуй усім, хто мае дачыненне да з'яўлення гэтага аб'екта. Думаю, ён стане яшчэ адным цаглінкою ў дабрабыт Полацка, усяго нашага рэгіёна. І, вядома, задасць тон далейшаму развіццю мікрараёна «Аэрапорт». Пажарныя – гэта не толькі пра барацьбу з агнём. Пажарныя – гэта надзея любога грамадзяніна на бяспечнае і спакойнае жыццё. Мы ведаем, ратавальнікі заўсёды побач і гатовыя прыйсці на дапамогу.
Адкрываць напярэдадні 7 лістапада сацыяльна значныя аб'екты – добрая традыцыя, у якой фармальнасці няма месца. Кіраўнік вобласці абазначыў:
- Бачачы, як, нягледзячы ні на што, мы будуем бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, пажарныя часткі, адчуваю гонар за Беларусь. За тое, што яна ўсё больш адпавядае брэнду «краіна для жыцця»!

Для начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Мелешкіна Полацк — родны горад:
— Добра памятаю, як пачынаў развівацца мікрараён «Аэрапорт». На маіх вачах тут рос першы вышынны дом, адкрывалася першая крама... Сёння тут пражывае амаль палова Полацка, шмат жылых дамоў, аб'ектаў сацыяльнай сферы. З улікам гэтага ўлада прыняла абсалютна правільнае рашэнне — аб стварэнні пажарнага дэпо і ўкамплектаванні яго кадрамі і ўсім неабходным.
Асабовы склад новай пажарнай часці № 4 гатовы да выканання ліквідацыі ўсяго спектру магчымых НС. Цікавы факт, на тэрыторыі дэпо знаходзіцца выдатная спартыўная пляцоўка, куды запрашаюць усіх жадаючых. У тым ліку мясцовых трэнераў і іх выхаванцаў, якія змогуць праводзіць заняткі разам з ратавальнікамі, а заадно пазнаёміцца з пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай.
Сяргей Мелешкін падзяліўся планамі. Сёлета распрацоўваецца праектная дакументацыя на рэканструкцыю старога пажарнага дэпо ў Шаркаўшчыне. Цалкам абнавіць яго збіраюцца да абласных «Дажынак-2023». У перспектыве гэта ж чакае пажарныя часткі ў Паставах і Глыбокім.
У ТЭМУ
На мерапрыемстве не абышлося без прыемнага моманту ўрачыстага ўзнагароджання. Так, граматы МНС Беларусі ўдастоены палкоўнік унутранай службы Сяргей Маркевіч, юбілейных медалёў «20 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» - Павел Коршун і Аляксей Крыўко. Падзяка Міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь аб'яўлена маёру ўнутранай службы Паўлу Кужэлю, а таксама старшыне службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Полацкага гаррайаддзела па НС Вользе Удзяковай.
Фота БЕЛТА