У Беларусі плануецца пабудаваць новую туберкулёзную бальніцу для асуджаных
9 красавіка, Орша /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца будаўніцтва новай супрацьтуберкулёзнай бальніцы для асуджаных. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Павел Шакала на адкрыцці інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра на базе Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы ВК-12 (г.Орша), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнік МУС адзначыў, што раней прадугледжвалася глабальная рэканструкцыя Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы ВК-12, гэты праект быў унесены ў дзяржінвестпраграму. Аднак, як паказалі геалагічныя даследаванні, узвядзенне дадзенага аб'екта на гэтай тэрыторыі немагчыма. "У цяперашні час ідзе падбор пляцоўкі для будаўніцтва ў перспектыве туберкулёзнай бальніцы для асуджаных хворых, - сказаў Павел Шакала. - Гэта ўстанова будзе адпавядаць самым сучасным патрабаванням".
На аснашчэнне новай супрацьтуберкулёзнай бальніцы магчыма прыцягненне сродкаў Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. У першую чаргу гэта тычыцца фінансавання аддзялення для хворых на мультырэзістэнтныя формы туберкулёзу.
У Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы ВК-12 у цяперашні час праходзяць лячэнне каля 900 асуджаных хворых з актыўнай формай туберкулёзу, якія паступілі сюды з розных крымінальна-выканаўчых устаноў рэспублікі. Каля 500 хворых утрымліваюцца ў стацыянары, астатнія знаходзяцца на дыспансерным лячэнні.
Па словах начальніка РТБ ВК-12 Аляксандра Грыневіча, узровень захворвання на туберкулёз у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі ў 2008 годзе склаў 303,6 на 100 тыс. насельніцтва. Гэта амаль у 7 разоў перавышае аналагічны сярэднерэспубліканскі паказчык, а захворванне на ВІЧ-асацыяваны туберкулёз у турмах у тры разы вышэй. Лячэнне хворых на супрацьтуберкулёзныя прэпараты першага шэрагу абыходзіцца ў $5 за курс. Пры захворванні на мультырэзістэнтны туберкулёз лячэнне значна больш працяглае, складанае і дарагое (больш за $10 тыс.).
У межах праекта ПРААН "Падтрымка Дзяржаўнай праграмы "Туберкулёз" у Рэспубліцы Беларусь" набыты супрацьтуберкулёзныя прэпараты першага шэрагу для лячэння 200 пацыентаў. У красавіку гэтага года пачнецца лячэнне 100 асуджаных з мультырэзістэнтным туберкулёзам.-0-