Новую тэхналогію вытворчасці торфу асвоіў філіял «Асінторф» РУП «Віцебскэнерга»
– Гэта экспартаарыентаваная прадукцыя для вырабу спецыфічных грунтаў, – распавядае начальнік цэха Андрэй Гаўрылянкоў. – Унікальнасць рэзанага торфу ў высокай здольнасці паглынаць і ўтрымліваць вільгаць. Яго вырабляюць шляхам выразання з тарфяной заляжы блокаў спецыяльным механізмам. Прадукцыя з рэзанага торфу мае ідэальную для вырошчвання раслін буйнаявалокністую і камякаватую структуру.
Ад рэалізацыі новага віду прадукцыі ўжо ў 2019 годзе плануюць атрымаць парадку 45 тыс. рублёў. Усяго за сезон рэзанага торфу будуць вырабляць 4 тыс. тон.
А пакуль асінторфскія і дубровенскія торфаздабытчыкі працуюць на радовішчы «Асінаўскае». На сённяшні дзень у эксплуатацыі цэха 307 га. Дарэчы, на Асінаўскія балоты, дзе будаваўся першынец айчыннай энергетыкі БелГРЭС, звыш 80 гадоў таму патрабавалася больш за дзесяць тысяч рабочых. Іх набіралі па ўсёй краіне, размяркоўвалі ў 11 спецыяльна пабудаваных «нумарных» пасёлкаў, да якіх пракладваліся лініі вузкакалеек. У першым размяшчалася бальніца, у другім – клуб, у восьмым – дзіцячы сад. А цэнтрам інтэрнацыянальнага паселішча торфаздабытчыкаў стала былая вёска Востраў, перайменаваная ў Асінторф. У ёй узвялі школу, бібліятэку, сталовую, амбулаторыю.
Сёння калектыў прадпрыемства – 35 чалавек. Столькі ж адзінак тэхнікі на балансе. Тут выпускаюць фрэзерны торф для пылападобнага спальвання, торф для прыгатавання кампасту, кускавы – для ацяпляльных патрэб насельніцтва і прадпрыемстваў ЖКГ, грунт для падкормкі раслін.
За 2018 год здабылі больш за 30 тыс. тон торфу (у дзень могуць асвойваць да 800 т!). Паліўны торф рэалізуецца УП ЖКГ «Дубровна-Камунальнік», міні-ЦЭЦ «Барань», вывозіцца на БелГРЭС.
За мінулы год прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі «Асінторф» склаў 75,4 тыс. рублёў.
Гэта 106% да ўзроўню 2017-га. У планах на 2019 год – атрымаць прыбытак ад рэалізацыі не менш за 126 тыс. рублёў.
Здабываюць торф на Асінаўскіх балотах паслойна-фрэзерным спосабам, які быў вынайдзены яшчэ ў савецкі час.
– Участак рэжацца па перыметры каналамі, вада адпампоўваецца, а ўся расліннасць на паверхні выкарчоўваецца, – распавядае Андрэй Гаўрыленкоў. – Гэтая падрыхтоўка займае тры-чатыры гады.
На гатовыя карты (так называюцца ўчасткі) выходзяць машыны. Спачатку торф фрэзеруюць да глыбіні 3-4 см. Затым яго падсушваюць на сонцы, пасля чаго па гэтым жа шляху ідзе трактар з варошылкай – перавяртае торф, каб сох з іншага боку. І так два разы. Валкавальнік збірае рассыпаны торф у вал.
Цыкл здабычы – двухдзённы. Потым у справу ўключаюцца ўборачныя і штабелюючыя машыны, якія ўкладваюць прадукт у штабелі. За сезон адбываецца 23 цыклы ўборкі торфу з карт, здымаецца 50-60 см пласта.
– Ніколі не думаў, што звяжу сваё жыццё з здабычай торфу, – кажа малады спецыяліст прадпрыемства Дзмітрый Каралёў. – Але мне гэтая справа прыйшлася даспадобы. Нямала значэння мае і чулае стаўленне пісьменнага кіраўніцтва, добрыя ўмовы працы і адзін з самых высокіх у раёне заробкаў.
Дарэчы, за 3 месяцы бягучага года яна вырасла на 21%.
Ураджэнец Дубровны, выпускнік землеўпарадкавальнага факультэта Беларускай сельгасакадэміі працуе ў цэху першы год. Яму даверылі адказную пасаду майстра. Дзмітрый займаецца падрыхтоўкай палёў, сушкай, рэалізацыяй, дастаўкай прадукцыі.
"Віцебскія весці". Фота газеты і са свабодных крыніц.