Новыя звесткі па гісторыі медыцыны і фармацыі Беларусі будуць прадстаўлены на канферэнцыі ў Віцебску

30 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вучоныя і спецыялісты медыцынскіх ВНУ і лячэбных устаноў Беларусі прадставяць новыя даныя па гісторыі медыцыны і фармацыі краіны на XI Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, якая пройдзе ў Віцебску 3 лістапада. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль Глушанко. Навуковы форум збярэ ў абласным цэнтры больш за 100 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, цікавасць да яго праявілі таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы. У ходзе пленарных пасяджэнняў будуць разгледжаны вынікі даследчых работ па гісторыі сацыяльна значных напрамкаў медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, гісторыі стварэння і развіцця медыцынскіх і фармацэўтычных арганізацый. Частка дакладаў будзе прысвечана жыццёваму і прафесійнаму шляху выдатных вучоных і практыкаў беларускай аховы здароўя. Важным напрамкам даследаванняў спецыялістаў з'яўляецца вывучэнне гісторыі медыцынскай навукі, адукацыі, у цэлым развіцця медыцыны і аховы здароўя, значная частка дакладаў будзе прысвечана менавіта гэтым тэмам, адзначыў Васіль Глушанко. Як падкрэсліў суразмоўца, гістарычныя даследаванні маюць вялікае значэнне для прагназавання і планавання далейшых шляхоў і напрамкаў удасканалення аховы здароўя. Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў. Канферэнцыя прысвечана 75-годдзю з дня ўтварэння Віцебскага медуніверсітэта і 50-годдзю Беларускага навуковага таварыства гісторыкаў медыцыны і фармацыі (БНТГМФ). У ходзе форуму будуць абмяркоўвацца вынікі дзейнасці навуковага таварыства і перспектыўныя напрамкі работы БНТГМФ. Арганізатарам навукова-практычнай канферэнцыі выступае Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.-0-