Новыя дыялізныя цэнтры з'явяцца ў 2009 годзе ў сямі гарадах Беларусі
17 сакавіка, Мінск /Вольга Шэлеговіч - БЕЛТА/. Новыя дыялізныя цэнтры з'явяцца ў 2009 годзе ў сямі гарадах рэспублікі - Брэсце, Бярозе, Лепелі, Нясвіжы, Паставах, Ваўкавыску і Мінску. Аб гэтым сёння паведаміў галоўны пазаштатны спецыяліст па нефралогіі і нырачна-замяшчальнай тэрапіі Мінздава, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра нефралогіі і нырачна-замяшчальнай тэрапіі Алег Калачык на рэспубліканскім нарадзе па выніках работы нефралагічнай службы Беларусі за 2008 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першы з іх адкрыецца ў Ваўкавыску ўжо на працягу бліжэйшых двух тыдняў. Сёння ў Беларусі кожная вобласць мае 4-5 дыялізных аддзяленняў - усяго па рэспубліцы іх 29. За апошнія 17 гадоў колькасць дыялізных месцаў у аддзяленнях значна вырасла - з 79 у 1991 годзе да 261 у 2008-м. "У будучыні мы павінны захаваць такую дынаміку, бо агульная забяспечанасць дыялізнай тэрапіяй у Беларусі пакуль што адстае ад лепшых еўрапейскіх паказчыкаў", - сказаў Алег Калачык.
Гаворачы пра дыяліз, спецыяліст абазначыў адну важную праблему - высокую інфіцыраванасць гепатытамі дыялізных хворых у Беларусі. Праўда, калі ў 2006 годзе 50% хворых на дыялізе былі інфіцыраваны вірусным гепатытам В і С, то ў 2008 годзе агульную інфіцыраванасць удалося знізіць да 30%. А паказчык інфіцыраванасці хворых на дыялізе гепатытам С ніжэйшы за сярэднеўрапейскі - 13,9% ад агульнай колькасці хворых (у Італіі - прыкладна 15%). Але карціну некалькі псуе сітуацыя з вірусным гепатытам В. "Прыярытэтная задача - не дапусціць з'яўлення новых інфіцыраваных, нельга забываць пра вакцынацыю пацыентаў, якія трапляюць на дыяліз", - сказаў Алег Калачык. Ён дадаў, што ў мінулым годзе на дыялізе памерлі 173 чалавекі, паказчык лятальнасці - 8,2%. У прынцыпе, ён ніжэйшы за еўрапейскі паказчык, які складае 15-20%. Але справа ў тым, што сярэдні ўзрост хворых на дыялізе значна ніжэйшы, чым сярэдні ўзрост хворых на дыялізе ў Еўропе: у Беларусі - каля 50 гадоў, а за мяжой набліжаецца да 70.
Акрамя з'яўлення новых дыялізных аддзяленняў і цэнтраў, у Беларусі плануецца пашыраць сетку нефралагічных кабінетаў, адзначыў Алег Калачык. Сёння ў рэспубліцы іх функцыянуе 17 замест 25 прадугледжаных па нарматыве, укамплектаванасць іх кадрамі складае 67%. Спецыяліст распавёў, што ў бягучым годзе 2 нефралагічныя кабінеты павінны з'явіцца ў Гродзенскай вобласці, дзе сёння працуе толькі адзін такі кабінет. Адкрыецца свой нефралагічны кабінет і ў Маладзечне, а таксама аддзяленне гемадыялізу ў Нясвіжы.-0-