Новыя электронныя табло і таблічкі з раскладам маршрутак з'явяцца на прыпынках у Віцебску
Як паведаміў vitvesti.by дырэктар «Аператара перавозак» Сяргей Маршаловіч, у цяперашні час абмяркоўваецца пытанне аб устаноўцы 10 электронных табло на прыпынках грамадскага гарадскога транспарту ў Віцебску, а таксама па некалькі прылад у буйных гарадах вобласці. Акрамя таго, упершыню на канечных прыпынках хутка з'явяцца таблічкі з раскладам руху маршрутных таксі.
Нагадаем, першае святлодыёднае табло з актуальнай інфармацыяй аб руху аўтобусаў і тралейбусаў з'явілася ў Віцебску на прыпынку грамадскага транспарту «Плошча Леніна».
Табло выраблена беларускім камунікацыйным агенцтвам «Час славы» (Барысаў). З дапамогай дадзенай устаноўкі пасажыры ў рэжыме рэальнага часу атрымліваюць даныя аб маршрутах і тэрмінах чакання. Падобныя гаджэты ўжо працуюць на прыпынках у Брэсце, Гродне і Магілёве.
У Віцебску фірма супрацоўнічае з прадпрыемствам «Аператар перавозак», якое стварыла спецыяльнае праграмнае забеспячэнне і прадастаўляе аператыўную транспартную інфармацыю. Гэтая абласная камунальная арганізацыя выступіла ініцыятарам акцыі і плануе шырока развіваць падобныя паслугі.
– Пакуль можна казаць толькі аб перспектыўнай распрацоўцы і ўдала праведзеным эксперыменце, – кажа Сяргей Маршаловіч. – Паўсюднае ўкараненне сістэмы ўпіраецца ў шэраг юрыдычных і фінансавых пытанняў. На жаль, у нас няма спонсараў, якія б падтрымалі пачынанне. Агенцтва «Час славы» настроена на супрацоўніцтва і мае праграму мінімізацыі выдаткаў за кошт размяшчэння рэкламы. Гэты варыянт нас вельмі зацікавіў. Сёння пачынаюцца перамовы, поспех якіх і вызначыць ход далейшых падзей.