Новыя правілы дзяржтэхагляду пачнуць дзейнічаць у Беларусі з 1 ліпеня
30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі "Дзяржаўны тэхнічны агляд транспартных сродкаў. Парадак правядзення праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў" уводзіцца ў Беларусі з 1 ліпеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела УП "Белтэхагляд" Аляксандр Кручак.
Парадак правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду на дыягнастычных станцыях і патрабаванні да транспартных сродкаў, што прад'яўляюцца пры гэтым, істотна не зменюцца. "Новы тэхнічны кодэкс не азначае нейкіх кардынальных змен у правядзенні дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Дакумент неабходны перш за ўсё, каб упарадкаваць нарматыўную дакументацыю, якая прымяняецца пры гэтым, удасканаліць саму тэхналогію правядзення дзяржтэхагляду транспартных сродкаў", - падкрэсліў Аляксандр Кручак. Палажэнні новага кодэкса не змяняюць і не выключаюць дзеючыя ў цяперашні час патрабаванні нарматыўных прававых актаў у сферах бяспекі транспартных сродкаў і дарожнага руху. Некаторыя з іх проста ўдакладнены з улікам асаблівасцей правядзення кантрольна-дыягнастычных работ дыягнастычнымі станцыямі і вопыту вырашэння асобных спрэчных сітуацый з аўтаўладальнікамі.
Самае галоўнае новаўвядзенне - гэта змяненне падыходу да афарбоўкі аўтамабіля: асобныя яго часткі могуць быць іншых колераў, аднак яны не павінны займаць больш за 1/3 плошчы ўсёй бачнай паверхні транспартнага сродку. "Мы не можам дазволіць, каб аўтамабілі ў нас ездзілі моцна рознакаляровымі, бо ДАІ патрэбна магчымасць візуальнай ідэнтыфікацыі колеру транспартнага сродку, перш за ўсё ў выпадках ДТЗ, каб сведкі выразна маглі сказаць, што машына была, да прыкладу, белая ці чорная - а не рознакаляровая, што ўскладняе яе пошук", - растлумачыў Аляксандр Кручак.
Удакладнены і крытэрыі па пашкоджаннях кузава. Цяпер значныя знешнія пашкоджанні дэталяў кузава будуць вызначацца наяўнасцю скразных механічных або каразійных пашкоджанняў знешне бачных элементаў кузава, а таксама наяўнасцю ўчастка кузава, які мае пашкоджанне, памер паверхні якога дазваляе ўпісаць у яго акружнасць дыяметрам 100 мм або трох і больш такіх участкаў, памер паверхні кожнага з якіх дазваляе ўпісаць акружнасць дыяметрам 50 мм.
Больш лаяльным будзе падыход да знешніх бачных налепак на аўтамабілях. У новым кодэксе бачнымі лічацца налепкі, якія можна разабраць з 10 метраў пры натуральным асвятленні. "Па правілах дарожнага руху, налепак клеіць нельга, у тым ліку такія, як "Туфелька", "Дзіця на борце" і гэтак далей. Гэта ўсё захоўваецца, - сказаў суразмоўца. - Аднак калі на транспартным сродку ёсць налепкі памерам з пяцікапеечную манету, да прыкладу, якая гаворыць аб тым, што ўстаноўлена сігналізацыя, ніхто яе здзіраць не прымусіць, гэтак жа, як і невялікую паласу ўздоўж борта і таму падобнае".
Што тычыцца падыходу да допуску да ўдзелу аўтамабіляў у дарожным руху, то ён абсалютна не зменіцца. "Да прыкладу, у правілах дарожнага руху напісана, што не дапускаецца да ўдзелу ў дарожным руху аўтамабіль з непрацаздольным святлапрыборам, таму хоць адна лямпачка не гарыць, хоць дзве - гэта ўсё неадпаведнасць, такі аўтамабіль не будзе дапушчаны", - адзначыў прадстаўнік "Белтэхагляду".
Разам з тым, на станцыях тэхагляду акрамя правілаў дарожнага руху кіруюцца і стандартамі, якія датычацца бяспекі транспартных сродкаў, што знаходзяцца ў эксплуатацыі. "Тут мы маем поле для манеўру, - дадаў спецыяліст. - У выпадку, калі нешта па нейкіх прыкметах можна лічыць, што аказвае неістотны ўплыў на бяспеку руху, тут мы можам пайсці насустрач аўтаўладальніку". Самы просты прыклад - узровень вадкасці ў бачку галоўнага тормазнага цыліндра. Уладальнік самастойна можа яе заліць, таму да гэтага прыдзірацца не будуць. "Тое ж самае і з рэгістрацыйнымі знакамі: калі яны ненадзейна замацаваны, ёсць механічныя пашкоджанні або адслойванні пакрыцця, не звязаныя з іх відазмяненнем - усё гэта кліент можа выправіць сам: замацаваць, падфарбаваць і гэтак далей", - растлумачыў ён.
Чакаецца таксама, што ў бліжэйшы час на станцыях тэхагляду будуць прымяняць і новую форму дыягнастычнай карты транспартнага сродку. У ёй будзе адлюстравана найбольш значная для аўтаўладальнікаў інфармацыя аб тэхнічным стане транспартнага сродку і выяўленых у ходзе кантролю няспраўнасцях. Форма, якая дзейнічае сёння, прыкметна састарэла, таму пры распрацоўцы новай эксперты імкнуліся арыентавацца на еўрапейскія ўзоры. "Кліенты часам патрабуюць указванні спасылкі - згодна з якім пунктам якога дакумента іх не дапускаюць да ўдзелу ў дарожным руху. Ёсць неабходнасць гэтыя моманты канкрэтызаваць, - растлумачыў Аляксандр Кручак. - Шмат што ў карце спрасцілі. Да прыкладу, тое, што было пазначана на адваротным баку, было залішнім. Цяпер мы карту робім на адным баку. Гэта і паскарае друк, і паляпшае інфарматыўнасць самой карты". -0-