Новыя рэкорды для Кнігі Гінэса ўстанавілі гіравікі ў Віцебску

Новые рекорды для Книги Гиннесса установили гиревики в Витебске

Ва ўрачыстай зале Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта адбылося сапраўднае свята з падняццем цяжараў.

Як паведаміў старшыня Рэспубліканскай федэрацыі гіравога спорту, кіраўнік Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага фонду міру Уладзімір Каташук, сумесна з міжнароднай федэрацыяй гэта мерапрыемства было запланавана яшчэ год таму. У межах тура падобныя сустрэчы, пачынаючы з сакавіка, прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах нашай краіны і ў Мінску. Віцебскі калядны турнір стаў фінальным акордам, які апраўдаў надзеі сабраных аматараў спорту.

Сярод ганаровых гасцей былі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры і сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Цецоха і прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі гіравога спорту, кіраўнік расійска-італьянскага міжнароднага інстытута кіравання ў Архангельску, ураджэнец Віцебска Анатоль Ежоў. Адкрываючы турнір, старшыня абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, рэктар ВДТУ Валерый Башметаў нагадаў, што з гэтай навучальнай установай віцяблян звязваюць устойлівыя партнёрскія сувязі.

Цяперашняя спартыўная сустрэча характарызавалася тым, што адразу тры гіравікі штурмавалі дасягненні Кнігі рэкордаў Гінеса. Спачатку сам ганаровы госць Анатоль Ежоў прадэманстраваў прысутным, што і ў 66 гадоў можна тварыць цуды цела і духу. Ён падняў па чарзе двума рукамі 24-кілаграмовы снарад 171 раз, пераадолеўшы запаветную планкі. Маладыя віцебскія хлопцы, якія спрабавалі спаборнічаць з аксакалам у «Бітве пакаленняў», толькі здзіўлена разводзілі рукамі.

У рамках гэтага вечара спорту адбыўся і «Калядны турнір» на прызы віцебскага гіравіка Мікалая Сакалова, які 15 разоў станавіўся чэмпіёнам свету сярод прафесіяналаў. Мінулыя спаборніцтвы паказалі, што ёсць каму ўзяць у ветэрана горды сцяг віцебскага спорту.

Скончылася ж дзеянне гадзінным марафонам, дзе свае таленты дэманстравалі прадстаўнікі Міншчыны. Легендарны Вячаслаў Харанека, які сёлета ўжо заваяваў званне чэмпіёна свету, больш чым на 100 уздымаў пераадолеў неабходную для фіксацыі рэкорду колькасць штуршкоў пудовай гіры – 2009 разоў чыгунная гіра падымалася над яго галавой. А Сяргей Трыфанаў дасягнуў свайго ў рыўку 24-кілаграмовіка. Віцебская арэна і мясцовыя заўзятары па-сапраўднаму сталі залатымі для прэтэндэнтаў на тытулы. Цяпер арганізатары відовішчнага турніру чакаюць афіцыйнай рэгістрацыі гэтых дасягненняў лонданскай штаб-кватэрай Кнігі рэкордаў Гінэса, а віцебскія аматара спорту – новых турніраў сапраўдных мужчын.

Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"