Навукоўцы ВГТУ распрацоўваюць новы асартымент тканін для мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната

Для Наталлі Акіндынавай, кандыдата тэхнічных навук, дэкана факультэта дызайну, аршанскае прадпрыемства з'яўляецца родным. Менавіта тут пачынала сваю кар'еру юная выпускніца Віцебскага ВНУ ў якасці дызайнера (гэтыя спецыялісты займаюцца распрацоўкай і ўкараненнем у вытворчасць новых структур і малюнкаў тканін). Адпрацаваўшы некалькі гадоў, Наталля Станіславаўна паступіла ў аспірантуру ВГТУ, скончыла яе, перайшла працаваць ва ўніверсітэт, а ў 2015 годзе з бляскам абараніла кандыдацкую на тэму «Тэхналогія мэблева-дэкаратыўных тканін новых габеленавых структур». Яна была прызнана лепшай дысертацыяй года ў рэспубліцы ў галіне «Тэхнічныя і сельскагаспадарчыя навукі», паколькі мела выяўлены практычны характар, і ўсе распрацоўкі з яе былі выкарыстаны на беларускіх прадпрыемствах, у тым ліку і на Аршанскім льнокамбінаце.

На працягу шэрагу гадоў Н. Акіндынава выконвала розныя заданні канцэрна «Беллегпрам» па стварэнні новых тэхналогій і ўкараненні іх у вытворчасць.

— Цяпер пачаўся новы цыкл адпрацоўкі галіновай праграмы па лёгкай прамысловасці на 2018 — 2020 гады, сюды ўвайшло некалькі маіх праектаў, — падзялілася суразмоўніца. — На аршанскім прадпрыемстве вядзецца мадэрнізацыя, усталёўваецца новае абсталяванне з электронным кіраваннем, пад яго і распрацоўваецца гэты асартымент тканін. Усё ў іх новае: тэхналогіі, структуры, эфекты. Яны ўзгоднены з льнокамбінатам і цяпер праходзяць экспертызу ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхніцы Рэспублікі Беларусь. Распрацоўкі таксама пададзены для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

Наталля Станіславаўна кажа, што яна чалавек вельмі шчаслівы, бо любіць сваю прафесію.

— Деканам факультета дызайну мяне прызначылі ў лютым. Трэба вырашыць шмат няпростых задач. Нам трэба выходзіць на міжнародную арэну, наладжваць сувязі і супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і фірмамі іншых краін, — працягвае яна. — Плануем адкрыць новыя спецыяльнасці, самая рэальная перспектыва — «Дызайн віртуальнага асяроддзя». На факультэце вядзецца вялікая прафарыентацыйная праца, да прыкладу, 27-28 кастрычніка ў нас прайшоў дызайн-форум з удзелам кіраўнікоў вядомых дызайнерскіх фірмаў і прадпрыемстваў — нашых выпускнікоў, яны падзяліліся сакрэтамі свайго поспеху. Збіраемся шырэй супрацоўнічаць з мастацкімі школамі і школамі з мастацкім ухілам Беларусі, каб да нас паступалі самыя таленавітыя. Нам патрэбны свае магістратура і аспірантура, будзем гадаваць для іх кадры. Паралельна з кіраўніцкай і выкладчыцкай абавязкова працягну і навукова-даследчую працу. Я стараюся ўбачыць, што ж за гарызонтам, і абавязкова туды дайсці…

Распрацоўка новых відаў тканін з выкарыстаннем лёну з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта. У апошнія гады навукоўцы ВНУ прапанавалі вытворцу тэхналогіі выпрацоўкі чыстальняных палітовых тканін тыпу джынс з выкарыстаннем катоніраванага лёну, якія па сваіх уласцівасцях не саступаюць класічнай тканіне з такой назвай, кашульнай тканіне тыпу джынс з двухкампанентнай пражы (лён і бавоўна па 50 працэнтаў). Па заданні канцэрна «Беллегпрам» распрацаваны і ўкаранёны тэхналогіі вытворчасці льняных тканін складаных структур. Навуковы пошук у гэтым напрамку працягваецца.

"Віцьбічы".