Новы аўтавакзал у Гарадку адкрылі да фестывалю «Дажынкі-2014»
Шэраг сацыяльна значных аб'ектаў у сталіцы абласных дажынак у Гарадку набылі зусім новы выгляд. Асабліва доўгачаканай і радаснай падзеяй для жыхароў і гасцей райцэнтра стала адкрыццё аўтавакзала. Гарадокская аўтастанцыя, пабудаваная яшчэ ў 1973 годзе, не пазнаць. Сёння гэта сучасны будынак, узведзены па арыгінальным праекце архітэктара Юрыя Сакалоўскага. Ён мае свой індывідуальны стыль, у якім аўтар праекта змог спалучыць сучасны дызайн і адлюстраваць сімвалічную спецыфіку райцэнтра. Цяпер вакзал упрыгожвае герб Гарадка. Аб'ект абсталяваны па апошнім слове тэхнічных інавацый, якія дзейнічаюць у сістэме транспартных камунікацый для камфортнага знаходжання, абслугоўвання і захавання бяспекі людзей. Звонку і ўнутры будынка ўстаноўлена сістэма відэаназірання, а для зручнасці пасажыраў — электроннае табло над касай. Продаж білетаў цяпер ажыццяўляецца з дапамогай камп'ютарнай сістэмы. Проязныя дакументы па прапанаваных маршрутах можна купіць не толькі ў касах, але і з выкарыстаннем банкаматаў і інфакіёскаў, а таксама праз Інтэрнэт. Мадэрнізацыя тэхналагічнага працэсу дала магчымасць забяспечыць сутачнае адпраўленне да 60 адзінак транспарту з пасажырапатокам да 400 чалавек. У зале чакання могуць камфортна размясціцца 25 чалавек. Дзякуючы аўтаматызаванай сістэме навігацыі за перамяшчэннем грамадскага транспарту па тэрыторыі Гарадоцкага раёна будзе ажыццяўляцца аператыўны кантроль. У урачыстай цырымоніі адкрыцця аўтавакзала прынялі ўдзел гараджане і госці райцэнтра. Ад прадстаўнікоў мясцовай улады ўдзельнікаў мерапрыемства прывітала намеснік старшыні райвыканкама Надзея Бурунова. Яна выказала падзяку кіраўніцтву вобласці і ўсім арганізацыям, якія прынялі ўдзел у рэканструкцыі важнага сацыяльнага аб'екта, бо менавіта вакзал з'яўляецца візітнай карткай горада. Аб перавагах рэканструяванага аб'екта распавёў генеральны дырэктар ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Васіль Дзяятлаў. Менавіта яму прысутны ў якасці ганаровага госця начальнік СМП-715 ААТ «Трэст Белтрансбуд СМП-715» (арганізацыя выступіла падрадчыкам будаўнічых работ) Ігар Мукасей уручыў сімвалічны ключ ад ав
вагазала. Як адзначыў Васіль Сямёнавіч, прымаючы падарунак, на рэканструкцыю Гарадоцкага аўтавакзала было выдаткавана 12,6 мільярда рублёў бюджэтных сродкаў. Гэта вялікія грошы, таму ён заклікаў работнікаў аўтастанцыі і жыхароў горада беражліва ставіцца да таго, што зроблена для іх камфорту. З запалам успрынялі адкрыццё вакзала жыхары райцэнтра. Цяпер людзям не толькі зручна ажыццяўляць паездкі, але і за горад свой не сорамна. Хутка ўсе пераўтварэнні, якія адбыліся за апошні год у Гарадку, ацэняць шматлікія госці «Дажынак».
Андрэй ЗАХАРАЎ, "Віцьбічы"