Новы беларуска-аўстрыйскі праект Чырвонага Крыжа пашырыць магчымасці пажылых людзей у Віцебскай вобласці

Новый белорусско-австрийский проект Красного Креста расширит возможности пожилых людей в Витебской области
Прэзентацыя праекта адбылася днямі ў Віцебскім аблвыканкаме ў рамках «круглага стала», у якім таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі зацікаўленых упраўленняў аблвыканкама, намеснікі старшынь райвыканкамаў, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання

Старэнне грамадства – праблема, з якой сутыкнуліся амаль усе краіны свету. Калі людзі сыходзяць на пенсію, але яшчэ поўныя сіл, яны могуць выкарыстоўваць свой багаты прафесійны і жыццёвы вопыт на карысць іншых. З гэтай мэтай у Беларусі пачынаецца рэалізацыя новага сумеснага праекта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа «Пашырэнне магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства».

Прэзентацыя праекта адбылася днямі ў Віцебскім аблвыканкаме ў рамках

«круглага стала», у якім таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі зацікаўленых упраўленняў аблвыканкама, намеснікі старшынь райвыканкамаў, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання з раёнаў, дзе дзейнічаюць ініцыятыўныя групы пажылых людзей.

– Такіх груп на Віцебшчыне сёння 19, і ўсё гэта – вынік рэалізацыі сумеснага праекта са Швейцарскім Чырвоным Крыжам, – распавяла старшыня абласной арганізацыі БТЧК Галіна Жаланава. – Ён стаў маім любімым, таму што мы ўносім рэальны, бачны ўклад у дэмаграфічны складнік. Прыклады ёсць у некаторых раёнах вобласці: Сенненскім, Россонскім, Кастрычніцкім горада Віцебска, у Полацку і іншых. Дзякуючы ініцыятыўным групам са звычайных уразлівых іх удзельнікі ператварыліся ў нашых памочнікаў, валанцёраў Чырвонага Крыжа. Напэўна, бачачы такі патэнцыял арганізацыі, Аўстрыйскі Чырвоны Крыж і прапанаваў нам гэты праект. І швейцарцы, дарэчы, свой праект працягнулі яшчэ на тры гады. Так што цяпер прыкладзем удвая больш намаганняў.

Падтрымка еўрапейскай супольнасці апраўдвае сябе: у асобных раёнах, асабліва там, дзе ёсць узаемаразуменне з мясцовымі органамі ўлады, нават у сельскай мясцовасці знаходзяцца актывісты, якія ўтвараюць групы і прапануюць свае ініцыятывы. Аб такіх прыкладах распавяла намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Зоя Фаміна. У гэтым рэгіёне дзейнічаюць адразу 4 ініцыятыўныя групы і ўжо фарміруецца пятая – у аграгарадку Машканы. Два міні-праекты пры падтрымцы БОКК рэалізуюцца ў Расонскім раёне, пра што распавяла дырэктар ТЦСАН Ганна Ясінская.

– Фактычна праект

«Пашырэнне магчымасцей пажылых людзей…» – працяг таго, што робіцца ўжо на працягу доўгага часу, – дадала эксперт па сацыяльных пытаннях Раіса Сінельнікава. – Сутнасць яго ў тым, каб яго ўдзельнікі і адзін аднаму актыўна дапамагалі ў розных сітуацыях, і мясцовым органам улады давалі падказкі ва ўліку патрэб пажылых людзей, планаванні сацыяльнага абслугоўвання. У нашай краіне ўжо пачаў працу механізм дзяржаўнага сацыяльнага заказу, калі з бюджэту фінансуецца частка сацыяльных паслуг, якія аказваюцца недзяржаўнымі арганізацыямі. Дадзены праект закліканы дапамагчы зрабіць ацэнку сацыяльна-дэмаграфічнай сітуацыі, на аснове якой вылучыць прыярытэты ў сацыяльнай сферы. Для гэтага плануецца падрыхтоўка і навучанне груп экспертаў з ліку пажылых людзей, удзельнікаў ініцыятыўных груп у раёнах. Але акрамя таго будзе праведзена буйное сацыялагічнае даследаванне па дадзенай тэме, гэтая задача ўскладзена на НДІ працы.

Мяркуецца, што маніторыць сітуацыю, а таксама дзяліцца сваім вопытам, меркаваннямі і прапановамі пажылыя ініцыятыўныя людзі змогуць у Інтэрнэце на спецыяльна створаным форуме на сайце БОКК. Зразумела, для гэтага ў рамках праекта запланавана навучанне інтэрнэт-пісьменнасці. Усё гэта дазволіць пашырыць межы зносін, палепшыць якасць жыцця старэйшага пакалення.

Каб падтрымаць ужо існуючыя групы пажылых людзей і стымуляваць утварэнне новых, праектам прадугледжана фінансаванне найбольш цікавых і дзейсных ініцыятыў на конкурснай аснове.

Таксама сярод актуальных задач – даць новыя веды прадстаўнікам мясцовых органаў улады, уцягнуць у актыўны ўдзел у праекце. 160 чалавек з усёй Беларусі вясной наступнага года пабываюць у Аўстрыі, каб пазнаёміцца з вопытам працы гэтай краіны ў дадзенай сферы.

– А ў канцы праекта ў 2015 годзе адбудзецца форум, на якім будуць прадстаўлены вынікі, – заключыла Раіса Сінельнікава. – Разлічваем, што ў выніку з'явяцца грамадскія саветы па праблемах старэйшага пакалення ў якасці механізму супрацоўніцтва мясцовых органаў улады і ініцыятыўных груп пажылых людзей. І дзякуючы ім праца працягнецца далей.

Кацярына Князева, "Віцебскія весці"