Новы фармат Дня пісьменства ў Полацку абмеркавала рабочая група на чале з Ліліяй Ананіч

Новый формат Дня письменности в Полоцке обсудила рабочая группа во главе с Лилией Ананич
Дзень пісьменства ў Полацку пройдзе 1–3 верасня ў новым фармаце. Галоўнымі тэмамі стануць 1155-годдзе калыскі беларускай дзяржаўнасці, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і юбілеі класікаў айчыннай літаратуры. Маштабны нацыянальны праект будзе рэалізаваны на самым высокім узроўні і атрымае шырокае міжнароднае гучанне. Пра гэта гаварылася на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні свята, якое ўзначаліла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.



У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў і яго намеснік Ларыса Аленская, кіраўніцтва Полацкага райвыканкама, прадстаўнікі Нацыянальнага аргкамітэта.

Праблемы патрабуюць рашэння

Спачатку Лілія Ананіч правяла «прамую лінію» і прыём грамадзян у Полацкім райвыканкаме, адзначыўшы, што ўлада заўсёды павінна быць на сувязі з насельніцтвам. Міністра парадавала актыўная грамадзянская пазіцыя жыхароў рэгіёна, іх зацікаўленасць у вырашэнні грамадска значных праблем.

З прапановай аб супрацоўніцтве прыйшла на прыём кіраўнік студыі журналістыкі «Медыя-мікс» Наталля Слепава. Удзельнік народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі звяз» Іван Іваноў звярнуўся за падтрымкай ініцыятывы правядзення ў рамках юбілейных мерапрыемстваў фестывалю сярэднявечнай культуры «Рубон», што і будзе зроблена.

Некалькі заяўнікоў узнялі пытанні работы СМІ і распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, у тым ліку праз інтэрнэт. З кожным фактам, сказала Лілія Станіславаўна, трэба разбірацца асобна, а інструментам рэгулявання сітуацыі выступае закон. Калі ставіцца пад пагрозу дзелавая рэпутацыя, можна патрабаваць абвяржэння або абараняць гонар і годнасць у судзе. СМІ павінны забяспечваць свабоднае выказванне перакананняў і меркаванняў, але пры гэтым прадастаўляць праўдзівую інфармацыю і ў цэлым адпавядаць запытам чытачоў, гледачоў, слухачоў.

Сяляне

паведамілі аб планаваным закрыцці малокамплектнай школы ў вёсцы Бабынічы, дзе вучацца 35 чалавек. Заняткі там вядуцца на беларускай мове, а пераводзіць дзяцей для працягу навучання будуць у рускамоўную Ветрынскую СШ. Бацькі навучэнцаў 10-га класа занепакоеныя, што іх дзеці не змогуць хутка перабудавацца і авалодаць ведамі ў той ступені, якая дазволіць ім паступіць у ВНУ. Лілія Ананіч паабяцала разгледзець пытанне з улікам усіх аспектаў.

Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі выказалі меркаванне аб неабходнасці прымяняць сучасныя тэхналогіі ў вонкавай рэкламе: упрыгожыць горад дапамаглі б святлодыёдныя экраны. Полачане таксама ўзнімалі праблемы ўдасканалення гарадской інфраструктуры, у прыватнасці – невыканання асобных пунктаў Комплекснай праграмы развіцця Полацка, уключаючы рэканструкцыю будынка былога Дома афіцэраў пад культурна-дзелавы цэнтр. На пляцоўцы, дзе раней меркавалася пабудаваць радзільню (цяпер агульнае для рэгіёна радзільнае аддзяленне функцыянуе ў Наваполацку), ужо шмат гадоў тырчаць убітыя ў зямлю палі, што стварае непрывабны выгляд на ўездзе ў горад. Паступіла прапанова перапрафіляваць недабудаваны аб'ект пад моладзевае інтэрнат.

Хвалюе грамадзян і лёс старога моста праз Заходнюю Дзвіну, які знаходзіцца ў перад аварыйным стане. Па гэтым аб'екце, як праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Міхалевіч, выканана праектна-каштарысная дакументацыя, сума затрат на капітальны рамонт складае 94 млрд недэнамінаваных рублёў. На бягучы год дадзеныя сродкі не прадугледжаны, таму ў траўні будзе праводзіцца толькі рамонт асфальтавага пакрыцця.

Усе ўзнімаемыя пытанні, як растлумачыла міністр, будуць яшчэ раз агучаны на пасяджэнні Нацыянальнага аргкамітэта. Маштабныя мерапрыемствы дапамагаюць пераўтварыць той ці іншы куток Беларусі, але рашэнні органы ўлады прымаюць зыходзячы з рэальных фінансавых магчымасцей.

У плане – 255 аб'ектаў

– Полацк як наша святыня, калыска беларускай дзяржаўнасці варты пільнай увагі, – сказала Лілія Ананіч. – Ён павінен атрымаць новы імпульс развіцця,

у тым ліку дзякуючы святкаванню юбілейных дат. Максімум магчымага будзе зроблена ў гэтым годзе, разам з тым работы працягнуцца і пасля свята – па меры зараблення сродкаў і прыцягнення інвестыцый. Прыемна, што гараджане ўносяць прапановы, праяўляюць неабыякавасць. 

Дэтальны аналіз стану спраў быў праведзены на пасяджэнні рабочай групы. Адзначалася, што ў план падрыхтоўкі Полацка да Дня пісьменства ўключана 255 аб'ектаў, у тым ліку 58 – са сферы ЖКГ. Аб'ём бюджэтнага фінансавання складае парадку 13 млн рублёў, з іх 11,105 млн – сродкі з раённага бюджэту. Будуць добраўпарадкаваны вуліцы, дваровыя тэрыторыі, фасады будынкаў, абноўлены плошча Францыска Скарыны, Сафійскі сабор і Музей беларускага кнігадрукавання.

– Мы ставім задачу выканаць асноўныя аб'ёмы работ да 1 жніўня. Сітуацыя пад кантролем, праводзяцца штабы, актыўна падключаюцца да агульнай справы суб'екты гаспадарання. Будзем праводзіць суботнікі, каб зарабіць дадатковыя сродкі і паўсюдна навесці парадак, – далажыў старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук.

Маштабны праект

На Дне пісьменства чакаецца вялікая колькасць гасцей, у тым ліку прадстаўнікоў дыпламатычных місій, гарадоў-пабрацімаў, кнігавыдаўцоў, літаратараў, журналістаў.

Яркая і разнастайная абяцае быць культурная праграма свята з прыцягненнем лепшых творчых сіл. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Астапава прапанавала дапоўніць традыцыйныя мерапрыемствы цікавымі падзейнымі праектамі, якія дазволяць бліжэй пазнаёміцца з дасягненнямі полацкага рэгіёну і Віцебшчыны ў цэлым.

1 верасня плануецца прысвяціць 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і арганізаваць Нацыянальны дзіцяча-маладзёжны форум «Скарынаўскія дні ў Полацку», які сімвалізуе сувязь пакаленняў. 2 верасня пройдзе Дзень горада – Полацк адзначыць 1155-годдзе, а ўвечары адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня пісьменства, святкаванне якога працягнецца і на наступны дзень.

Знамянальным момантам стане адкрыццё памятнага знака «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці».

Будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія, праведзены рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» і міжнародны круглы стол «Сугучча». Цікавыя тэматычныя мерапрыемствы прадставіць Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Сярод іх – прэзентацыі «Малой падарожнай кніжыцы» Францыска Скарыны і памятных манет «Шлях Скарыны», прэм’ера прысвечанай першадрукару сюіты Таццяны Кароткінай у Сафійскім саборы. Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы арганізуюць працу літаратурных пляцовак, моладзь здзівіць крэатыўным праектам «Мы ў тэме!», «Белпошта» вырабіць малую архітэктурную форму паштальёна з роварам і правядзе гашэнне святочнай маркі з канвертам.

Творчая група на чале з рэжысёрам Нінай Восіпавай павінна падрыхтаваць сцэнарый свята ўжо да сярэдзіны мая. Неабходна шырока інфармаваць насельніцтва аб урачыстасцях, запланаваць мэтавыя турыстычныя маршруты.

– Гэта маштабны дзяржаўны праект, які прадставіць Беларусь з яе найбагацейшымі традыцыямі, сучаснымі дасягненнямі і імкненнем у заўтрашні дзень, – падкрэсліла Лілія Ананіч.

Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. «Віцебскія весці».