Суботнік па навядзенні парадку на зямлі праходзіць у Воршы
Новы кіраўнік Аршанскага раёна пачаў фарміраваць каманду для працы ў рэгіёне. Пра гэта старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка паведаміў журналістам падчас суботніка на Аршанскім інструментальным заводзе.
"На сённяшні дзень адсутнічаюць два намеснікі старшыні - па сацыяльных пытаннях, а таксама тыя, хто курыруе будаўнічую, жыллёва-камунальную сферы і працу дарожных службаў. Учора са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шэрстнёвым узгаднілі новых людзей, іх павінны зацвердзіць, і з панядзелка, думаю, яны прыступяць да працы. Акрамя таго, па выніках суботніка і ў працэсе працы па неабходнасці будуць праводзіцца кадравыя перастаноўкі. У прыватнасці, у мяне ёсць пытанні да сельскай гаспадаркі. У раёна многія паказчыкі ніжэйшыя за рэспубліканскія, а патэнцыял вялікі", - распавёў Ігар Ісачэнка.
Ён дадаў, што сённяшні суботнік і навядзенне парадку ў бліжэйшыя дні стануць свайго роду лакмусавай паперкай у працы кіраўнікоў арганізацый.
"Сёння наводзяць парадак супрацоўнікі прамысловых прадпрыемстваў, сельгаспрадпрыемстваў, жыллёва-камунальнай сферы, работнікаў адукацыі, аховы здароўя, культуры. Гэта штуршок, каб усе разумeлі, што ў рэгіёне будуць праводзіцца маштабныя работы па добраўпарадкаванні. Падобная праца будзе працягвацца не адзін дзень. Мною дадзены даручэнні
адпаведным кантрольным органам паглядзець, як у бліжэйшыя дні кіраўнікі наведуць парадак і ці зрушыцца нешта з мёртвай кропкі. У панядзелак зыходзячы з гэтага маніторынгу зраблю пэўныя высновы. Не выключана, што хтосьці будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, а магчыма, у некаторых выпадках будзе стаяць пытанне змены дырэктара той ці іншай арганізацыі", - падкрэсліў новы кіраўнік раёна.Ігар Ісачэнка адзначыў, што кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка нядаўна падпісаў распараджэнне аб выдзяленні Br4 млн для рамонтных работ на Аршанскім інструментальным заводзе, у тым ліку на праблемным даху аднаго з цэхаў. Да гэтай працы ўжо прыступіў будаўнічы трэст №18, пазней падключацца і іншыя арганізацыі. Пастаўлена задача навесці элементарны парадак, каб людзям было камфортна працаваць.
У свой першы працоўны дзень старшыня Аршанскага райвыканкама сустрэўся з кіраўнікамі прадпрыемстваў раёна. Кожнаму пастаўлены канкрэтныя задачы. "Мы дамовіліся, што калі ўзнікнуць нейкія праблемы, то я заўсёды гатовы іх абмеркаваць і падставіць плячо. Але, на жаль, некаторыя кіраўнікі засядзелі на сваіх месцах і не могуць навесці элементарны парадак у памяшканнях і на тэрыторыі. Для гэтых работ не патрэбны агромныя грашовыя ўкладанні і шмат часу. Толькі жаданне і планамерная праца", - сказаў Ігар Ісачэнка.
Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што сёння прыедзе галоўны архітэктар Віцебскай вобласці разам з дырэктарам праектнага інстытута "ЖылСтройПраект", якія ўнясуць свае прапановы па паляпшэнні знешняга выгляду Оршы. "Тым не менш галоўным пытаннем застанецца развіццё эканомікі рэгіёну, прыцягненне інвестыцый. Калі дырэктар ініцыятыўны, кантралюе і сам займаецца збытам прадукцыі, мадэрнізацыяй, глядзіць, як развіваецца прадпрыемства ў розных напрамках, то праблемы не з'явяцца. У такім выпадку можна будзе гаварыць і аб кропкавай дапамозе", - падкрэсліў Ігар Ісачэнка.
Па яго словах, у цяперашні час створаны рабочыя групы на ўзроўні ўрада і Віцебскага аблвыканкама для максімальна хуткага вырашэння праблемных пытанняў у Аршанскім раёне. Ужо
ёсць напрацоўкі ў мясцовай улады, што трэба зрабіць у сферы будаўніцтва, прамысловасці, сацыяльнага блока. У канцы наступнага тыдня яны будуць разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы ва ўрадзе, каб у будучыні ўнесці гэтыя прапановы Прэзідэнту.