Новы культурна-забаўляльны аб'ект, офісныя памяшканні ці кафэ? Што плануюць адкрыць у Віцебску

Новый культурно-развлекательный объект, офисные помещения или кафе? Что планируют открыть в Витебске
Былыя гаражы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску прададзены за 458 тыс. рублёў на аўкцыёне 6 жніўня, арганізаваным камітэтам «Віцебскаблмаёмасць».

Пераможцам таргоў стала прыватная кампанія з абласнога цэнтра, якая ў спаборніцтве з яшчэ двума прэтэндэнтамі прапанавала за лот амаль у 1,5 раза больш за яго пачатковы кошт. Выручаныя ад продажу нерухомасці грошы паступяць у бюджэт Віцебска.

Па словах прадстаўніка арганізацыі, новы ўласнік плануе рэканструяваць і мадэрнізаваць будынак для наступнай магчымасці адкрыцця там культурна-забаўляльнага аб'екта або кропкі грамадскага харчавання, офісных памяшканняў. Арыенціровачны тэрмін рэалізацыі праекта — каля 3 гадоў. Дзейнае зараз у гэтым месцы кафэ з Гуліверам на даху працягне працу да канца тэрміну аранднай дамовы, якая заканчваецца ў чэрвені 2020-га, пасля чаго яго ўладальнікам трэба будзе вырашаць арганізацыйныя пытанні ўжо з новымі арэндадаўцамі.

Асаблівую прывабнасць нерухомасці надае яе размяшчэнне — раён вусця Віцьбы паблізу Замкавай гары, якая лічыцца месцам заснавання старажытнага горада. У склад лота ўключана ізаляванае двухпавярховае памяшканне агульнай плошчай больш за 720 кв. м, пабудаванае ў 1963 годзе. Яно працяглы час не выкарыстоўвалася, у 2016 годзе перададзена ў гарадскую камунальную ўласнасць. Спробы прыцягнуць інвестара, у тым ліку праз аўкцыён, рабіліся з 2018 года.

Акрамя таго, стала вядомая дата паўторнага аўкцыёну па продажы былой капліцы XIX стагоддзя ў батанічным садзе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П. Машэрава — 3 верасня. Двухпавярховы будынак плошчай 135,7 кв. м выстаўлены са зніжэннем пачатковага кошту продажу на 20%, які зараз складае 40,1 тыс. руб.   

Усяго з пачатку года на аўкцыёнах камітэта «Віцебскаблмаёмасць» прададзена 47 аб'ектаў нерухомасці на суму больш за 1,4 млн руб., пры гэтым па выручанай суме камітэт ужо перавысіў больш чым на 3% вынік за 8 месяцаў 2018 года.

"Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.