Новы мост праз Заходнюю Дзвіну злучыць Наваполацк і Полацк у 2013 годзе

12 студзеня, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Новы мост праз Заходнюю Дзвіну злучыць Наваполацк і Полацк у 2013 годзе. Даручэнне аб будаўніцтве новага аб'екта было дадзена сёння старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам падчас рабочай паездкі ў Наваполацк, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Неабходнасць узвядзення другога моста праз Заходнюю Дзвіну, які злучае самы старажытны і самы малады горад, назрэла даўно - існуючы мост мае нізкую прапускную здольнасць і не адпавядае сучасным патрабаванням. Па даручэнні губернатара да верасня бягучага года будзе распрацавана праектная дакументацыя і адразу пачнуцца праектна-пошукавыя работы. Даўжыня новага моста складзе 126 м. На яго будаўніцтва неабходна Br60-70 млрд. На праектныя работы з абласнога бюджэту будзе выдзелены Br1 млрд. Нарматыўныя тэрміны будаўніцтва падобных збудаванняў складаюць 24 месяцы. Такім чынам, у 2013 годзе Полацк і Наваполацк злучыць новы мост. Мяркуецца, што па ім будзе курсіраваць трамвай. Як лічыць Аляксандр Косінец, двум гарадам, адлегласць паміж якімі не перавышае 8 км, неабходна такім чынам арганізаваць сацыяльную інфраструктуру, каб ёю маглі бесперашкодна карыстацца і палачане, і навапалачане. Пры гэтым нельга распыляць бюджэтныя сродкі на будаўніцтва аднолькавых аб'ектаў. Напрыклад, у Наваполацку працуе сучаснае кардыялагічнае аддзяленне ў гарадской бальніцы, таму няма неабходнасці будаваць такое ж у Полацку. У Полацку лепш пабудаваць сучасны акушэрска-гінекалагічны комплекс, лічыць губернатар. Узвядзенне Лядовага палаца ў Наваполацку павінна весціся ў такім месцы, куды зручна было б дабрацца палачанам. Аляксандр Косінец даручыў распрацаваць праграму развіцця Наваполацка ў кантэксце святкавання 1150-годдзя Полацка, якое будзе адзначацца ў 2012 годзе.-0-