Новы мост у Бешанковічах дазволіць зэканоміць мільёны рублёў
1 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ваенныя чыгуначнікі навялі наплаўны аўтадарожны мост праз раку Заходняя Дзвіна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве абароны Беларусі.
Аўтадарожны мост даўжынёй 183 м і шырынёй праезнай часткі 4 м наведзены ў гарадскім пасёлку Бешанковічы (Віцебская вобласць). Транспартныя войскі правялі гэту аперацыю ў рамках тактыка-спецыяльных вучэнняў па аднаўленні моста праз водную перашкоду. Як адзначаюць у абаронным ведамстве, задачы вучэнняў, якія праводзіліся моставой ротай 77-га асобнага Чырвонасцяжнага моставога чыгуначнага батальёна, выкананы.
У Мінабароны дадалі, што мост дазволіць скараціць аб'язныя шляхі для сельгастэхнікі і аўтамабіляў на 120 км і зэканоміць мільёны рублёў прамысловым і сельскагаспадарчым прадпрыемствам Віцебскай вобласці.
Злучэнні і часткі транспартных войскаў Беларусі выконваюць вучэбна-практычныя задачы на дзесяці аб'ектах народнай гаспадаркі краіны. Найбольш значнымі з іх з'яўляюцца будаўніцтва наплаўных і часовых мастоў, рамонт пад'язных чыгуначных пуцей да тарфапрадпрыемстваў краіны. У сакавіку гэтага года быў пабудаваны часовы мост на рацэ Туча ў Клецкім раёне агульнай працягласцю 45 м, а ў маі падраздзяленні прыступяць да навядзення наплаўнога моста праз раку Свядзь у Рэчыцкім раёне даўжынёй 40 м і будаўніцтва аўтадарожнага моста даўжынёй больш за 60 м. Плануецца таксама, што ў бягучым годзе будзе наведзены пешаходны мост праз раку Нёман у Гродне даўжынёй 90 м і аўтадарожны мост даўжынёй больш за 80 м у Добрушы.-0-