Новы начальнік ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама правёў прэс-канферэнцыю з прадстаўнікамі СМІ
Кіраванне ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама з 26 лістапада ўзначаліў новы начальнік — падпалкоўнік міліцыі Уладзімір Назарко. У сувязі з гэтым адбылася сустрэча кіраўніка Дзяржаўтаінспекцыі з прадстаўнікамі СМІ. На прэс-канферэнцыі Уладзімір Мікалаевіч распавёў аб асноўных задачах і найбліжэйшых планах працы службы.
— У першую чаргу, хацелася б вырашыць праблему траўматызму на дарогах рэспубліканскага значэння, — адзначыў ён. — Бо менавіта тут часцей за ўсё адбываюцца сур'ёзныя ДТЗ, якія цягнуць за сабой страшныя наступствы. Адным з асноўных рашэнняў гэтага пытання з'яўляецца ўзмоцненае дзяжурства на гэтых трасах супрацоўнікаў ДАІ, у абавязковым парадку выяўленне і спыненне імі фактаў перавышэння хуткасці, выезду на сустрэчную паласу руху.
Асаблівая ўвага супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі будзе сканцэнтравана і на пешаходах, у тым ліку тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці, паблізу праходжання рэспубліканскіх трас. Тут небяспеку ствараюць нецвярозыя ўдзельнікі дарожнага руху.
— Яшчэ адной задачай у гэтым пытанні стане забарона на продаж алкаголю, — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. — На мой погляд, павінны быць уведзены пэўныя часавыя рамкі. Напрыклад, восенню абмежаванне можна ўводзіць ужо з 17.00, з надыходам змяркання.
Апошнім часам часцей сталі выпадкі наездаў на пешаходаў. Рашэнне, на думку У.Назарко, — стварэнне бяспечных умоў для гэтай катэгорыі грамадзян. Гаворка ідзе аб абсталяванні пешаходных пераходаў дадатковым асвятленнем.
— Гэту працу мы ўжо праводзім, — удакладніў начальнік ДАІ. — Эксперыментальны пешаходны пераход сёння дзейнічае ў пасёлку Акцябрскі. Паралельна распрацоўваем праграму па далейшым абсталяванні пераходаў штучнымі няроўнасцямі, так званымі "лежачымі паліцэйскімі". Кіроўцы будуць зніжаць хуткасць. Адсюль — і зніжэнне рызыкі траўматызму пешаходаў.
Некаторыя змены чакаюцца і ў арганізацыі дарожнага руху ў Віцебску. Так, у перспектыве — выгінанне прамалінейных участкаў дарог, звужэнне палос, абсталяванне вуліц канструктыўна выдзеленымі астраўкамі бяспекі і многае іншае.
— Сёння на Маскоўскім праспекце пашыраюць праезную частку, — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч.— Не выключана, што і на праспекце Будаўнікоў павялічыцца колькасць палос. Яго шырыня дазваляе зрабіць па чатыры ў кожным напрамку.
Актыўна працягнецца і прафілактычная праца віцебскіх дзяржаўтаінспектараў, у тым ліку з юнымі ўдзельнікамі дарожнага руху і іх бацькамі. Так, нядаўна вартавыя правапарадку распрацавалі прафілактычныя стыкеры-наклейкі ў форме дарожнага знака «Рух без прыпынку забаронены» з «гаваркімі» лозунгамі «Флікер — гэта модна!», «Не дайце п'янаму сесці за руль!», «Пераходзьце толькі на зялёны!» і вясёлымі малюнкамі. Хутка яны з'явяцца на ўваходах ва ўстановы адукацыі, крамы, кафэ. У планах — распрацоўка спецыяльнага пашпарта бяспекі для дзяцей, у якім будуць пазначаны ўсе аварыйныя месцы ў горадзе і адлюстравана схема найбольш бяспечнага руху па шляху ў школу ці гімназію.
Асноўнай задачай ДАІ Віцебшчыны застанецца праца па зніжэнні аварыйнасці. Такая станоўчая тэндэнцыя рэгулярна прасочваецца ў вобласці. Так, за 11 месяцаў бягучага года, у параўнанні з аналагічным перыядам 2014-га, адбылося на 60 ДТЗ менш, на 14 чалавек загінула менш, на 54 — паранена.
Дыяна СІМОНОВІЧ. Фота аўтара. «Віцьбічы».